«Рэпарцёры без межаў» абяцаюць прытулак блогерам і вэб-журналістам
- 29.06.2010, 9:53
Праваабарончая арганізацыя гатовая даць прытулак у сваёй штаб-кватэры ў Парыжы блогерам і вэб-журналістам, якія церпяць ганенні ў сваіх краінах.
Уцекачам праваабаронцы дадуць памяшканне, а таксама забяспечаць іх кампутарамі, абароненым інтэрнэт-злучэннем і праграмай-ананімізатарам, піша Electroname.com.
Акрамя таго, у планах «Рэпарцёраў без межаў» - даць блогерам-апазіцыянерам, якія не сталі пакідаць сваю краіну, бясплатнае і ананімнае выйсце ў інтэрнэт, паведамляе аўстралійскае агенцтва Breitbart.
Па якім прынцыпе арганізацыя будзе адбіраць інтэрнэтчыкаў для ўдзелу ў праграме, пакуль не вядома.
Паводле дадзеных RSF, зараз каля 120 чалавек па ўсім свеце знаходзяцца ў турмах з-за сваіх выказванняў у Сетцы. Горш за ўсё сітуацыя са свабодай слова ў інтэрнэце ў Кітаі, Іране і В'етнаме.
«Рэпарцёры без межаў» - міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая змагаецца супраць цэнзуры і за вызваленне журналістаў, што знаходзяцца ў зняволенні з-за сваёй прафесійнай дзейнасці. У сваёй дзейнасці арганізацыя абапіраецца на параграф 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Заснаваная ў 1985 годзе ў Парыжы.