23 снежня 2024, панядзелак, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады працягваюць шантажаваць Украіну

38
Беларускія ўлады працягваюць шантажаваць Украіну

Афіцыйны Менск не аддае ратыфікацыйныя граматы і патрабуе ад Кіева выплаты 130 мільёнаў даляраў дзярждоўгу, які нібыта маецца.

Пра гэта піша «Коммерсант-Украина» са спасылкай на крыніцы ў дыпламатычных колах.

Паводле звестак крыніцы, канфлікт паміж Кіевам і Менскам ужо прывёў да зрыву двухбаковых перамоваў на вышэйшым узроўні. У мінулую пятніцу, 28 траўня, у Батурыне Чарнігаўскай вобл. планавалася правесці сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і Беларусі Віктара Януковіча і Аляксандра Лукашэнкі. Абласная ДАІ нават распаўсюдзіла папярэджанне аб тым, што дарога ад беларускай мяжы да Батурына будзе перакрытая, але візіт так і не адбыўся.

Таксама, па словах крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта Украіны, сустрэча рыхтавалася да апошняга моманту, і толькі напярэдадні было прынятае рашэнне яе адмяніць. «Менск даў зразумець, што не мае намеру завяршаць працэдуру ратыфікацыі і ўступлення ў сілу пагаднення аб дзяржмяжы. У такіх умовах сустрэча на вышэйшым узроўні не мела сэнсу, і мы дамовіліся пра яе адмену»,- сказаў украінскі дыпламат.

Нагадаем, Дамова аб дзяржаўнай мяжы была падпісаная ў 1997 годзе і ў той жа год ратыфікаваная Украінай. Беларусь жа на працягу 13 гадоў блакавала яе ратыфікацыю. Менск патрабаваў, каб спачатку Кіеў пагасіў доўг украінскіх гаспадарчых суб'ектаў перад Беларуссю, назапашаны да 1992 года, Кіеў са свайго боку адмаўляўся прызнаваць за сабой гэты доўг.

У канцы 2009 года Лукашэнка і Юшчанка паведамілі аб вырашэнні праблемы. У абмен на спісанне доўгу Украіна паабяцала прадаваць Беларусі электраэнергію са зніжкай для рээкспарту ў Літву. Неўзабаве дамова аб дзяржмяжы паступіла у беларускі «парламент», у красавіку гэтага года дакумент ратыфікавалі абедзве яго «палаты», а 21 траўня падпісаў Лукашэнка. Бакам заставалася абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі, аднак Менск адмовіўся праводзіць гэтую фармальную працэдуру.

Крыніцы сцвярджаюць, што ўзгодненая ў лістападзе 2009 года схема кампенсацыі засталася нерэалізаванай. «Беларусь купляе электраэнергію па кошце аптовага рынку. Гэта вельмі танна, і яны атрымліваюць добры прыбытак ад рээкспарту. Але яны хацелі браць яшчэ танней. А мы не можам даць дадатковую зніжку з-за абмежаванняў, якія накладвае заканадаўства»,- патлумачыў адзін з суразмоўцаў.

Застаецца няўзгодненай таксама сума непрызнанага Украінай дзярждоўгу. У розныя перыяды на перамовах называліся розныя лічбы, да 226 млн дал. Летась крыніца ў перамоўнай групе сцвярджала, што прэзідэнты ўзгаднілі кампенсацыю ў памеры 50 млн дал., аднак сёння гэтая дамоўленасць не дзейнічае. «Беларусы кажуць пра доўг у 130 млн дал. Але я сцвярджаю: забудзьцеся, мы дакладна не будзем кампенсаваць такую суму»,- заявіў адзін з украінскіх дыпламатаў.

Варта таксама нагадаць, што Украіна і Беларусь падпісалі ў 2003 годзе двухбаковы пратакол, у адпаведнасці з якім быў вызначаны аб'ём фінансавых абавязальніцтваў Украіны на ўзроўні 134 млн дал. Украінскі бок у лістападзе 2003 г. прапанаваў Беларусі на 80% пагасіць запазычанасць шляхам абсталявання межаў і будаўніцтва памежпераходаў.

Дамова аб дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Украінай мяркуе стварэнне сумеснай камісіі для правядзення дэмаркацыі. Дакумент вызначае паняцце дзяржмяжы на сушы, вадзе, у нетрах і паветранай прасторы. Умовы праходжання зафіксаваныя ў пратаколе-апісанні праходжання лініі дзяржмяжы і ў альбоме тапаграфічных картаў.

Адзначым, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі заявіў, што працягласць працаў па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы можа скласці да дзесяці гадоў. Па дадзеных ДПК, для фінансавання працаў па дэмаркацыі ў 2010-2020 гг. запатрабуецца паэтапна вылучыць з бюджэту каля 51 мільярдаў рублёў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках