Менгарвыканкам ліквідуе «Рух наперад»
6- 4.06.2010, 12:54
3 чэрвеня даследчыцка-асветніцкая ўстанова «Рух наперад» атрымала апавяшчэнне пра тое, што ўлады маюць намер прызнаць несапраўдным яе пасведчанне аб рэгістрацыі.
Уладзімір Някляеў застаўся без юрыдычнага прыкрыцця сваёй палітычнай і грамадскай дзейнасці.
«Рух наперад» быў зарэгістраваны 2 лютага гэтага года. Яго дырэктар - Уладзімір Някляеў, намеснік - Ніна Пахлопка, паведамляе «Беларускі партызан».
Сярод унутраных праграмаў установы - і шырока вядомая зараз кампанія «Гавары праўду».
І вось высвятляецца: 27 траўня Галоўным упраўленнем юстыцыі, аддзелам ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання Менгарвыканкама пададзены пазоў у Гаспадарчы суд сталіцы аб прызнанні дзяржрэгістрацыі ўстановы несапраўднай.
Спасылкі ідуць на дэкрэт прэзідэнта ад 16 студзеня 2009 года «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання».
Што да канкрэтных прэтэнзіяў да ўстановы «Рух наперад», дык яны зводзяцца да аднаго: непраўдзіва пазначаны юрыдычны адрас.
Адрас у дакументах такі: Менск, праспект Машэрава, 54 - гэта тое самае памяшканне, дзе офіс і знаходзіўся ўвесь час, пакуль пасля ператрусу 18 траўня яно не было апячатанае.
На 10 чэрвеня прызначанае падрыхтоўчае судовае паседжанне ў Гаспадарчым судзе Менска.
Праблема для кіраўнікоў, юрыстаў установы «Рух наперад» сёння ў тым, што яны не могуць сабраць неабходную дакументацыю, якая знаходзіцца ў апячатаным офісе.