14 снежня 2025, Нядзеля, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Байкова магла абвесціць галадоўку

36

Інфармацыйная блакада вакол «справы Байкавай» дасягнула найвышэйшай кропкі.

Калегі старэйшага следчага па найважнейшых справах генпракуратуры сталі пазбягаць яе сваякоў, а тыя сёння самі знаходзяцца ў няведанні пра стан Святланы Байкавай, пішуць «Беларускія навіны».

Байкова паведаміла, каб ёй больш не прыносілі прадуктовых перадачаў: яна абвяшчае галадоку. Збольшага можна зразумець, чаму з боку КДБ ці генеральнай пракуратуры няма афіцыйных паведамленняў пра затрыманне і прычыны арышту Святланы Байкавай, дзеі, якія ёй інкрымінуюцца і да т. п.: справа складаная, таямніца следства, урэшце - самі не разабраліся, што адбылося і што з гэтага выйдзе. Пры тым, што ёсць канкрэтныя факты, якія бессэнсоўна адмаўляць, але цалкам можна агучыць на прэс-канферэнцыі ці размясціць на ведамасным сайце. Выпадак жа не шэраговы!

Але ў дадзенай сітуацыі гаворка ідзе не столькі пра «здаволенне журналісцкага інфармацыйнага голаду», колькі пра стаўленне да сваякоў Байкавай.

З дня зняволення са Святланай яны камунікавалі праз адвакатаў і падтрымлівалі паштовую сувязь; самі пісалі і атрымлівалі ад яе штотыдзень два-тры лісты. Зразумела, што ўсе паведамленні ў абодва бакі папярэдне чыталіся, скажам так, іншымі зацікаўленымі асобамі, а таму ніякіх намёкаў пра ход расследавання там і быць не магло.

У кожным лісце, адпраўленым з СІЗА КДБ, Байкова цікавілася справамі свайго 11-гадовага сына і здароўем маці, якая ў дзень арышту дачкі знаходзілася ў шпіталі. Ад сталай практычна сляпой жанчыны блізкія нейкі час спрабавалі хаваць праўду - казалі, што Святлана знаходзіцца ў камандзіроўцы, але сэрца маці, сапраўды, не ашукаць…

У красавіку маці сустрэлася з дачкой у следчым ізалятары. Праз некалькі тыдняў, у траўні, пенсіянерка папрасіла яшчэ адну сустрэчу, але гэтым разам атрымала ад следчага адмову. З бацькам свайго сына Байкова ў разводзе, былы муж сваяком не з'яўляецца, а таму прэтэндаваць на спатканне не можа. Сувязь са Святланай блізкія ёй людзі падтрымлівалі з дапамогай лістоў і праз адваката. Да нядаўняга часу.

У апошнім лісце, ад 26 траўня, Святлана Байкова паведаміла, каб ёй больш не прыносілі прадуктовых перадачаў: яна абвяшчае галадоку, якая павінна была распачацца 31 траўня. Паводле дзіўнага супадзення прыкладна ў гэта ж час яе абаронца апынаецца ў шпіталі.

На ўчорашні дзень, 3 чэрвеня, не было ніякай інфармацыі пра тое, што зараз адбываецца ў камеры следчага ізалятара КДБ, дзе знаходзіцца старэйшы следчы генеральнай пракуратуры.

Ведаючы характар Святланы, магу меркаваць, што яна сапраўды абвясціла галадоўку. Вось толькі каму ад гэтага будзе горш? Байкова выдатна разумее, што ў яе справе не шэраговыя «рамізнікі» паставілі калёсы наперадзе каня.

«Беларускія навіны» ўжо звярталі ўвагу на тое, што пры расследаванні крымінальных справаў практычна кожны свой крок следчыя ўзгадняюць з вышэйстаячым начальствам. Байкова не аднаасобна прымала рашэнні па тых ці іншых следчых дзеяннях у расследаванні шматэпізодных карупцыйных справаў, якія затым былі разгледжаныя судамі, а прысуды ўступілі ў законную сілу.

Сітуацыя са старэйшым следчым генпракуратуры выглядала б больш лагічна, калі б «агрэхам» у працы Байкавай спачатку далі ацэнку судовыя інстанцыі. Гэта значыць, у судовым парадку перагледзець усе справы: незаконна прыцягнутых да крымінальнай адказнасці і незаконна асуджаных адпусціць з мірам, незаконна вызваленых ад крымінальнай адказнасці - прыцягнуць, а вінаватых у беззаконні - пакараць. Але, выглядае, ніхто не ведае, як гэтыя «калёсы» паставіць на месца. Нават у генеральнай пракуратуры, бо, калі да нядаўняга часу калегі Святланы хоць неяк ішлі на кантакт з яе сваякамі (а да каго ім яшчэ было звяртацца па дапамогу?), дык зараз людзі ў пракурорскіх мундзірах, спасылаючыся на забарону начальства, адмаўляюцца ад кантактаў.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках