20 траўня 2024, панядзелак, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязню давялося галадаць, каб дамагчыся пратэзавання зубоў

2

Мікалая Аўтуховіча наведалі ў следчым ізалятары Менска стаматолагі.

Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» адвакат вязня Павал Сапелка. Паводле адваката Сапелкі, дактары агледзелі зубы Аўтуховіча і пацвердзілі, што яму патрэбнае тэрміновае пратэзаванне:

«Вынікам гэтай кансультацыі стала тое, што ў мяне запыталі адрас клінікі, дзе могуць зрабіць пратэзаванне Аўтуховічу. Сёння я наведаў гэтую клініку і атрымаў там згоду дактароў на аперацыю. Спадзяюся, у адміністрацыі следчага ізалятара пагодзяцца з прапановай менавіта гэтай клінікі і дазволяць, як і абяцалі, правесці лячэнне», - паведаміў адвакат.

Назву клінікі адвакат Сапелка не сказаў. Вядома, што гэта прыватная клініка, пратэзаванне там будзе каштаваць немалых грошай, якія ўжо пачалі збіраць прадстаўнікі грамадскасці. Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што затрымкі з грашыма не будзе.

«Фінансавы бок пытання, мяркую, вырашым, грошы збярэм хутка. Галоўнае, каб быў добры спецыяліст для пратэзавання, а гэта ўсё справа тэхнічная», - сказаў праваабаронца.

Прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча ўтрымліваюць у менскім следчым ізалятары з лютага 2009 года. За гэты час Аўтуховіч страціў амаль усе зубы, але, паводле яго словаў, лячэння фактычна не атрымаў. Адміністрацыя ізалятара кажа, што на «Валадарцы» няма ўмоваў для пратэзавання зубоў, а былыя вязні следчай турмы згадваюць, што там увогуле зубы ня лечаць, а толькі выдаляюць. У траўні Мікалай Аўтуховіч напісаў ліст наконт лячэння зубоў да намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў, але, паводле звестак Аўтуховіча, гэты ліст нават не выйшаў з ізалятара. Тады 16 чэрвеня Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку і папярэдзіў, што праз 5 дзён, калі яму не арганізуюць сустрэчу з прадстаўніком Дэпартамента выканання пакаранняў, пачне сухую галадоўку. Пра галадоўку Аўтуховіча стала шырока вядома. Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч мусіў накіраваць на сустрэчу з Аўтуховічам супрацоўніка пракуратуры.

На мінулым тыдні Мікалая Аўтуховіча наведаў супрацоўнік медычнага упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандр Красько і абмеркаваў з ім, як правесці кансультацыю і лячэнне. У адказ на гэтыя захады Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку.

Мікалай Аўтуховіч быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту супраць былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Саўчанкі ды іншых кіраўнікоў. Справа слухалася ў Вярхоўным судзе Беларусі. 6 траўня па абвінавачаннях у падрыхтоўцы тэракту ды іншых цяжкіх злачынствах Мікалай Аўтуховіч быў апраўданы, але асуджаны за некалькі незарэгістраваных патронаў да паляўнічай стрэльбы. Шмат хто ў Беларусі і ў свеце мяркуе, што Аўтуховіча пераследуюць з палітычных прычынаў. У прыватнасці — што яму помсцяць за змаганне з карупцыяй сярод высокапастаўленых чыноўнікаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках