14 снежня 2025, Нядзеля, 20:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баявікі падарвалі расейскую гідраэлектрастанцыю

30

Баявікі атакавалі ГЭС у Кабардзіна-Балкарыі: двое забітыя, двое параненыя, падарваныя два гідрагенератары, але затаплення і вялікіх разбурэнняў атрымалася пазбегнуць.

Гэта першы пацверджаны факт паспяховага нападу каўказскіх тэрарыстаў на аб'екты стратэгічнай інфраструктуры Расеі: датычнасць баявікоў да падрыву СШГЭС у свой час не пацвярджалася, адзначае Газета.ру.

Напад на Баксанскую ГЭС – адну з найстарэйшых у Расеі – быў здзейснены ўначы.

Па словах крыніцы агенцтва «Інтэрфакс» у праваахоўных органах КБР, група тэрарыстаў, колькасць якіх не ўсталяваная, спачатку абстраляла з аўтаматаў аддзяленне АУС у райцэнтры – горадзе Баксан. Ахвяраў не было.

Затым тыя, хто нападаў, дабраліся да Ісламея – пасёлка энергетыкаў побач з ГЭС. Патрапіць на станцыю ў групы атрымалася, забіўшы двух супрацоўнікаў пазаведамаснай аховы.

Былі замінаваныя прынамсі два гідраагрэгаты з трох.

У 5.25 адбыўся іх падрыў, кажацца ў паведамленні ААТ «Русгідра», у склад кабардзіна-балкарскага філіяла якой уваходзіць Баксанская ГЭС. Па звестках крыніцы «Каўказскага вузла» у Баксанскім РАУС, храналогія іншая: тэрарысты патрапілі на станцыю ў 4:20, у 5.20 падарвалі першы агрэгат, у 6.00 – другі.

У выніку аднаго з выбухаў, быў пажар. Па звестках МНС, яго тушэнне скончылася каля 8 гадзінаў раніцы.

Пры выбуху раненні атрымалі яшчэ два чалавекі – іх стан невядомы.

Як вынікае з паведамлення «Русгідра», па стане на 8 гадзінаў раніцы на ГЭС тых, хто нападаў, ужо не было. Праваахоўныя органы не абвяргаюць гэтую інфармацыю. Пра затрыманых і забітых тэрарыстаў не паведамляецца. Па звестках «Каўказскага вузла», раён станцыі ачэплены сілавікамі.

Адказнасць за тэракт пакуль ніводная з каўказскіх тэрарыстычных груповак не ўзяла. Пасля разбуральнай катастрофы на Саяна-Шушенскай ГЭС у канцы лета мінулага года групоўка Докі Умарава сцвярджала праз інтэрнэт-сайт баявікоў, што разбурэнне гідраагрэгата на СШГЭС адбылося ў выніку падрыву дыверсійнай групай «маджахедаў». Яшчэ раней Умараў пагражаў дыверсійнай вайной інфраструктуры ў глыбіні расейскай тэрыторыі: фактаў, якія пацвярджаюць рэалізацыю гэтага плану, да сённяшняга дня не было. Версія тэракту на СШГЭС не была пацверджана і афіцыйным расследаваннем.

Звесткі пра пашкоджанні на Баксанскай станцыі разыходзяцца. У паведамленні «Русгідра» сказана, што пашкоджанні атрымала толькі машынная зала, «адкрытыя засаўкі ГЭС, вада скідаецца ўхаластую, абмежаванняў энергазабеспячэння спажыўцоў няма». Крыніца «Інтэрфакса» кажа: падарваныя 2 гідрагенератары.

Усяго на ГЭС тры гідраагрэгаты – два (№2 і №3) з іх працуюць ад усталявання ў 1938 году, яшчэ адзін змянялі ў 1962 годзе. Тры генератары таксама старыя – усталяваны ў 40-я гады. Сама станцыя – адна з найстарэйшых на Каўказе, будавалася па плане ДЗЯЭЛРА, вызначаная магутнасць - 25 МВт (магутнасць Саяна-Шушанскай ГЭС была на момант аварыі ў 2009 годзе ў 250 разоў вышэй – прыводзіць даведку «Інтэрфакс»).

Самым маштабным тэрактам на тэрыторыі КБР стаў напад шматлікай групы баявікоў на Нальчык 13 кастрычніка 2005 года. Баі ў цэнтры горада працягваліся суткі, загінула больш за сто чалавек, з якіх звыш за 90 лічацца «баявікамі, забітымі пры затрыманні». Як сведчылі праваабаронцы і мясцовыя жыхары, шмат хто з затрыманых і забітых супрацоўнікамі міліцыі і ФСБ не мелі дачынення непасрэдна да нападу на горад. Суд над 58 удзельнікамі нападу ідзе ў Нальчыку дагэтуль.

Увосень мінае тэрмін паўнамоцтваў цяперашняга прэзідэнта КБР Арсена Канакова. Упэўненасці ў перапрызначэнні кіраўніка, які працуе першы тэрмін, пакуль няма: у апошнім рэйтынгу «выжывальнасці губернатараў», які складаюць штогод экспертныя цэнтры МІПЭ і «Пецярбургская палітыка», у Канакова тры балы з пяці. Эксперты ў тым ліку з нявызначанасцю будучага прэзідэнта звязваюць актывізацыю экстрэмістаў у рэспубліцы.

Сам Канакоў у чэрвені наўпрост звязваў актывізацыю экстрэмістаў з інтрыгамі палітычных канкурэнтаў: «Усё пачалося ў траўні, да гэтага нічога падобнага не было. У верасні, як вядома, кіраўнік КБР будзе перапрызначацца ці прызначацца. Першая стадыя – Дагестан, Інгушэція, Чачня. Там стварылі сітуацыю нестабільнасці, якая фінансуецца пэўнымі сіламі. Што будзе заўтра? Ёсць меркаванне, што наступны этап – Кабардзіна-Балкарыя, Карачаева-Чэркесія, Адыгея».

За чэрвень у КБР здзейснена прынамсі дзесяць дыверсіяў: напады на міліцыянтаў, падрывы машынаў і станцыяў сотавай сувязі. Забіты падпалкоўнік ФСБ. Найбольшая актыўнасць баявікоў – у Тырнаўзе і Чэгемскім раёне.

5 ліпеня «Адзіная Расія» праводзіла на Паўночным Каўказе выязную партканферэнцыю з удзелам прэм'ера Уладзіміра Пуціна. Першапачаткова планавалася, што двухдзённае мерапрыемства цалкам адбудзецца ў Нальчыку, але ў выніку прамова Пуціна перад партыяй улады зачытвалася ў Кіславодску. Тая ж частка канферэнцыі, якая праходзіла ў Нальчыку, суправаджалася найстражэйшымі мерамі бяспекі: вуліцы горада перакрываліся тралейбусамі, супрацоўнікі спецслужбаў на ўваходзе на паседжанні абшуквалі нават дэлегатаў. Тым не менш у Тырнаўзе ў гэты дзень быў напад на міліцыю, а за дзень да гэтага там жа абясшкодзілі магутны фугас.

У гэтыя дні ў КБР – на Курортным возеры ў наваколлях Нальчыка – праходзіць моладзевы летнік «Каўказ-2020», які з'яўляецца аналагам «Селігера». Яго арганізуюць паўпрадствы ў ПКФА і Мінспорттурызм.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках