25 лiстапада 2024, панядзелак, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час плаціць па рахунках

69
Час плаціць па рахунках

Расейскія грошы ішлі на стварэнне і ўмацаванне рэпрэсіўнага апарату дыктатара і на яго забаўкі.

Пра гэта піша ў сваім блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Тады таксама быў ліпень. Выбіралі Лукашэнку. Дакладней, другі тур, які замацаваў перамогу Лукашэнкі на выбарах, адбыўся 10 ліпеня 1994 года. Ці была гэта перамога вядомага ў краіне палітыка, рэфарматара і дзяржаўнага мужа? Не. У Беларусі яго мала хто ведаў. Вядомасць ён зарабіў падрыхтоўкай «карупцыйнага» дакладу, з дапамогай якога тагачасны прэм'ер Вячаслаў Кебіч збіраўся прыбраць з дарогі Станіслава Шушкевіча і стаць першым прэзідэнтам Беларусі. Пад Кебіча і пісалася канстытуцыя прэзідэнцкай рэспублікі.

Кебіч прабыў ля стырна тры года з нечым. Спачатку як старшыня Савета міністраў БССР, потым – як прэм'ер незалежнай Беларусі. Прыйшоў у Саўмін як рэфарматар, але цяжару прэм'ера незалежнай Беларусі не вытрымаў. Улада ап'яніла, і энергія рэфарматара сышла ў інтрыгі і барацьбу за першынства з Шушкевічам, а затым з'явілася разгубленасць: і як сябе паводзіць са светам – незразумела, і як жыць, не ўзгадняючы кожны крок з Масквой, - невядома. Да моманту, калі ў Кебіча ўсё ж атрымалася праціснуць праз Вярхоўны Савет новую Канстытуцыю і з дапамогай Лукашэнкі прыбраць з пасады кіраўніка дзяржавы Шушкевіча, ён ужо народу надакучыў. Людзі выразна адчулі знаёмы пах застою. Шанцаў у Кебіча не было. Адміністрацыйны рэсурс, як зараз прынята казаць, ён выкарыстоўваў неяк недарэчна, больш сабе на шкоду.

На першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі народ адчуў сваю ўладу і з лёгкасцю адмовіў Кебічу ў даверы. Людзям патрэбныя былі новая энергія і пратэст. Людзі прагнулі выказаць свой пратэст, падтрымаўшы неКебіча. Новая ў палітыцы постаць дэпутата Лукашэнкі зрэзаніравала з чаканнямі людзей: ён нас пазбавіць ад застою; ён абяцае сябраваць з Расеяй, але і з Еўропай у нас добрыя стасункі. Абранне Лукашэнкі, малавядомага дэпутата, - абсалютны прыклад пратэстнага галасавання.

І яшчэ, можа быць, самае галоўнае: змяняючы ўладу, якая існавала, і прыводзячы Лукашэнку ў прэзідэнцкае крэсла, народ упершыню выпрабоўваў законны механізм змены ўлады ў Беларусі. Атрымалася. І здавалася, што зараз мы не дазволім сябе дурыць і памяняем каго заўгодна, калі будзем незадаволеныя ўладай.

З маім прыяцелем Анатолем Майсенем - журналістам, палітолагам, стваральнікам першага ў Беларусі аналітычнага цэнтра - мы шмат спрачаліся пра Лукашэнку. Анатоль яго падтрымліваў. Мы будзем ім кіраваць, казаў ён, маючы на ўвазе і сябе, і сваіх аднадумцаў Віктара Ганчара, Дзмітрыя Булахава. Нам патрэбны яго напор, а базавыя рэчы мы возьмем на сябе, як заўсёды пераканана казаў Толя.

Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам Анатоль Майсеня стаў імкліва губляць веру ў яго здольнасці кіраваць дзяржавай на карысць народа. У верасні 1996 года ён напісаў самы вядомы свой артыкул «Беларусь у смузе» з жорсткімі ацэнкамі Лукашэнкі і яго кіравання. Майсеня трагічна загінуў 12 лістапада 1996 года ва ўзросце 35 гадоў. Загінуў у аўтакатастрофе, абставіны якой ніхто належна не расследаваў. Загінуў за два тыдні да рэферэндуму, які змяніў Беларусь і з'явіў на свет дыктатара Лукашэнку.

Падчас рэферэндуму 1996 года народ верыў у свае сілы і збіраўся зрынуць Лукашэнку гэтак жа, як раней Кебіча. Для гэтага быў ініцыяваны імпічмент, у якім дзейсны ўдзел прынялі амаль усе чальцы першапачатковай каманды Лукашэнкі. Яны ўжо зразумелі, з кім маюць справу. Рухальнай сілай імпічменту быў віцэ-спікер парламента Генадзь Карпенка. Ён памёр пры нявысветленых абставінах у красавіку 1999 года. У верасні таго ж года знік Віктар Ганчар. Дзмітры Булахаў вярнуўся да Лукашэнкі, у красавіку 2006 года быў прызначаны яго паўнамоцным прадстаўніком у нацыянальным сходзе, у верасні таго ж года раптоўна сканаў.

Выратавала Лукашэнку ад імпічменту расейская «тройка» - Ягор Строеў, Генадзь Селязнёў, Віктар Чарнамырдзін, якая тэрмінова прыехалі на выручку. Ім вельмі падабаўся амерыканскі выраз пра свайго «сукінага сына». Яны ж рабілі ўпор на «свайго», а ў гэтым выразе сутнасць заключаецца ўсё ж у другой частцы. Вось і недалічыліся расейскія падаткаплацельшчыкі сотняў мільярдаў сваіх рублёў у выніку гэтай братэрскай дапамогі. Але і мы нічога не набылі ад таннай нафты, газу і расейскіх крэдытаў. Усё сышло на стварэнне і ўмацаванне рэпрэсіўнага апарату дыктатара і на яго забаўкі: парады, лядовыя палацы, аграгарадкі. Мы на доўгі час пазбавіліся магчымасці выбіраць сваіх кіраўнікоў.

Недарэчна адмаўляць, што за свае памылкі мы самі ў адказе. Але яшчэ больш недарэчна наогул адмаўляць гэтыя памылкі і нічога не рабіць для іх выпраўлення. Лукашэнку быў выдадзены велізарны крэдыт даверу - беларускім народам, Расеяй, Еўропай. Дзеянне крэдыту скончылася, час плаціць па рахунках.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках