25 красавiка 2024, Чацвер, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Мы маем права мяняць уладу»

89
Андрэй Саннікаў: «Мы маем права мяняць уладу»

«Перамога з кожным днём становіцца ўсё рэальней», - заявіў лідэр «Еўрапейскім Беларусі» Андрэй Саннікаў падчас канферэнцыі на вядучым расейскім партале Lenta.ru.

Starback: Паважаны кандыдат,ці магчымая Ваша перамога ў цяперашніх умовах, як зламаць адчайны супраціў машыны падаўлення цяперашняга прэзыдэнта, якімі рэсурсамі можна дабіцца поўнай змены свядомасці ў вачах электарата. Загадзя пры любых умовах я Ваш патэнцыйны выбаршчык. Хочацца пажадаць Вам перамогі.

- Перамога не толькі магчымая, яна з кожным днём становіцца ўсё рэальней. Дыктатарскія машыны падаўлення ламаюцца, як пруцікі, калі народ кажа сваё слова. Для гэтага проста трэба цвёрда для сябе ўразумець: мы маем права мяняць уладу і абіраць уладу. Такія патрабаванні законныя, а ўтрыманне ўлады дыктатарам незаконна. Мы дзейнічаем на баку закона супраць беззаконня і бязмежжа. Перамога будзе за намі.

Вельмі спадзяюся, што ў нас пройдзе народная выбарчая кампанія, у якую уключацца ўсе: аптымісты і скептыкі, чыноўнікі і людзі ў форме, бізнесмены і творчыя людзі, моладзь і людзі ва ўзросце. Кантроль і назіранне павінны таксама стаць ўсенародным справай. Праз любыя СМІ неабходна паведамляць аб парушэннях, прыцягваць да іх увагу міжнародных назіральнікаў. Безумоўна, будзе арганізавана назіранне і пры штабе кандыдата. Мы ўсе стаміліся ад хамскай няветлівай улады, якая штодня прыніжае і абражае нас. Хопіць ганьбіць Беларусь і беларусаў.

Кірыл: Андрэй, якімі спосабамі вы будзеце агітаваць за сябе? Бо цяпер усе каналы падуладныя рэжыму Лукашэнкі, інтэрнэт ёсць не ва ўсіх.

- Праграма будзе апублікаваная ў незалежных газэтах, на сайтах, яна будзе распаўсюджвацца ва ўлётках. Пасля афіцыйнай рэгістрацыі, паводле закону, маю праграму будзе абавязаная апублікаваць дзяржаўная прэса. Я разлічваю на тое, што чытачы незалежнай прэсы і інтэрнэту стануць не проста спажыўцамі інфармацыі, але і агітатарамі. Прачыталі газету - аддайце суседзям. Убачылі цікавую інфармацыю ў інтэрнэце - раздрукуйце, аддайце суседзям і знаёмым. Агітаваць мы павінны разам. Толькі так мы пераможам.

Юрый Іванавіч: Калі Пуцін не падтрымае Лукашэнку, то хто можа атрымаць падтрымку на выбарах ад Расеі ў Беларусі?

- Гэта пытанні хутчэй да расейскага кіраўніцтва. Ведаю адно: Лукашэнка пераканаўча паказаў, што публічныя клятвы ў сяброўстве прыводзяць да зваротных вынікаў. Давер хутчэй выкліча чалавек, які будзе гаварыць аб інтарэсах Беларусі.

Дзмітрый: Паважаны Андрэй Алегавіч! Я дастаткова доўга жыву ў Расеі, каб сцвярджаць аб існаванні 2-ух стандартных балючых пытаннях у адносінах расейцаў да Беларусі (ды і да ўсіх суседзяў). Гэта: 1. «Страта» РБ праз ўступленне Беларусі ў НАТА; 2. статус рускай мовы.

1. У НАТА Беларусь уступаць не будзе. Беларусь будзе нейтральнай дзяржавай. Гэтая мэта пастаўленая нават у існуючай Канстытуцыі.

2. Беларуская мова аслабела не сам сабою. Яе свядома знішчалі бальшавікі і Лукашэнка. Лічу ганьбай для краіны, калі няма ні аднаго універсітэта, у якім выкладанне вялося б на беларускай мове. Я не супраць расейскай мовы, я за адраджэнне беларускай у Рэспубліцы Беларусь.

Алена: 1. Скажыце, Вы праўда верыце, што ў Беларусі на дадзены момант ёсць сур'ёзныя палітычныя, а галоўнае - з добрым эканамічным і знешнепалітычным абгрунтаваннем, сілы, здольныя прапанаваць адэкватную альтэрнатыву Лукашэнку? 2. З якой праграмай адносна знешняй палітыкі Вы плануеце выходзіць на выбары? 3. Што Вы думаеце пра будучыню беларускага бізнэсу, як буйнога, так і дробнага?

1. Альтэрнатыву невуцтва і застою прапанаваць нескладана, і сілаў такіх у Беларусі хапае. Знешнепалітычная стратэгія - інтэграцыя ў Еўрасаюз і стратэгічнае партнёрства з Расеяй.

2. Калі коратка: сяброўства Беларусі ў Эўрасаюзе, стратэгічнае партнёрства з Расеяй, цеснае супрацоўніцтва з Украінай, надзейныя партнёрскія адносіны з Польшчай, Літвой, Латвіяй.

3. У вызваленага беларускага бізнэсу пасля змены ўлады з'явяцца абсалютна новыя магчымасці.

Cyril: Як Вы думаеце, чаму з усіх патэнцыйных кандыдатаў, якія заявілі аб сваім удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах, расейскія СМІ з’вяртаюць самую пільную ўвагу на Вас (інтэрв'ю, онлайн канферэнцыі ...). Можа Вы стаўленік Масквы?

- Мабыць, мае падыходы выклікаюць інтарэс і не толькі ў Маскве, але, мяркуючы па СМІ, і ў іншых суседзяў: у Польшчы, Украіне, Літве.

Eugene: Зыходзячы з прынцыпу «не пытайся чыніць тое, што і так працуе» пытанне стаіць па-іншаму: ці варта «перамагаць Лукашэнку»? У пачатку 90-х у СССР «перамаглі КПСС», пусцілі ва ўладу інтэлектуалаў і летуценнікаў. Атрымалі разруху і хаус. Вам трэба паўтарэнне падобнага сцэнара ў Беларусі? Навошта трэба?

- Не глядзіце на ноч беларускае тэлебачанне і не чытайце дзяржаўную прэсу. Здаецца, ваша ўяўленне аб Беларусі узятае менавіта адтуль. У Беларусі жыццё можа быць не горш, чым у Аўстрыі, Славакіі ці Венгрыі, а не як у Паўночнай Карэі.

- Саннікаў - прэзідэнт, хто стане прэм'ер-міністрам? Губернатары і мэры будуць прызначацца? Каго з каманды Лукашэнкі Вы возмеце да сабе ў каманду?

- Прэм'ерам стане практык. Чалавек, які кіраваў і людзьмі, і прадпрыемствам. Буду прапаноўваць памяняць заканадаўства для выбараў мэраў. Тыя чыноўнікі, хто сыдзе ў адстаўку да выбараў, маюць шанец патрапіць у каманду.

Віктар: Як Вы лічыце, што з'яўляецца найбольш важнай роляй дзяржавы ў жыцці простага чалавека?

- Лічу, што галоўнай задачай беларускай дзяржавы павінна быць забеспячэнне еўрапейскай якасці жыцця для ўсіх грамадзян краіны. Для адных - праз свабоднае прадпрымальніцтва, для іншых - праз надзейную сацыяльную абарону.

Аляксандр (Смаргонь): Прабачце, я Вас не ведаю і першы раз Вас бачу! Вы збіраецеся перамагаць на выбарах? Як? Што Вы можаце рэальна прапанаваць простаму беларусу новага? Як ці чым Вы можаце пераканаць мяне не галасаваць за Лукашэнку?

- Калі вы паглядзіце нядаўні фільм НТВ пра Лукашэнку, упэўнены, што галасаваць за яго вы ніколі не станеце. Я сваёй мэтай лічу паляпшэнне жыцця беларусаў не ў далёкай перспектыве, а ў самы бліжэйшы час. Гэта можа быць дасягнута толькі за кошт ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі Саюз.

Alex: Як вы глядзіце на пытанне аб вяртанні льготаў?

- Лічу, што ў некаторых катэгорый грамадзян льготы былі адабраныя несправядліва. Бо гэта дзяржава кінула «аўганцаў» і «чарнобыльцаў» ў самае пекла. Сёння аб іх праблемах Лукашэнка хоча забыцца. У Еўропе існуюць пэўныя льготы для студэнтаў і пенсіянераў. Акрамя вяртання асобных ільгот, вялікую дапамогу ў паляпшэнні якасці жыцця сацыяльна неабароненых слаёў могуць аказаць міжнародныя структуры і гуманітарныя арганізацыі. Сёння ўсе гуманітарныя патокі ідуць у Беларусь праз дзяржаву. У сусветнай практыцы грамадзкія арганізацыі працуюць не з уладамі, а напрамую з тымі, каму яны дапамагаюць. Таму пры змене ўлады міжнародная дапамога беларусам шматразова павялічыцца.

Shaman: У выпадку абрання Вас якой будзе Ваш першы крок?

- Вызваленне СМІ, каб людзі ведалі пра тое, што адбываецца ў краіне. Падрыхтоўка канстытуцыйнага сходу для правядзення свабодных парламенцкіх выбараў і для стварэння заканадаўчай базы пераходнага перыяду. Прыняцце пакета законаў для вызвалення бізнесу.

Zlyden: Як вайсковец, цікаўлюся вашым поглядам на рэфармаванне арміі РБ. Якая яна, армія прэзідэнта Саннікава?

- Бачу беларускае войска як войска свабоднай еўрапейскай нейтральнай краіны. Лічу, што армія ўжо значна скарочана. Яна павінна фарміравацца як на аснове прызыву, так і на кантрактнай аснове. Менавіта нэўтральны статус Беларусі дазволіць захаваць і цесныя ваенна-эканамічныя сувязі з Расеяй, і магчымасць пераймаць перадавыя формы ваеннай арганізацыі ў краін Еўропы. Увогуле, ваенная рэформа - гэта тэма сур'ёзнай грамадскай дыскусіі.

Ilo: Якое прымяненне знойдзеце тысячам міліцыянтаў і работнікам іншых сілавых ведамстваў?

- Нядаўна былі апублікаваныя лічбы аб тым, што ў Беларусі колькасць міліцыянтаў на 100 тысяч насельніцтва ў паўтара разы больш, чым у Расеі. З іншага боку, злачыннасць у Беларусі значна менш, чым у РФ. Сёння наша грамадства не ведае, як функцыянуе сістэма МУС. Рэформа праваахоўных органаў неабходная, мы павінны імкнуцца да таго, каб мець нармальную еўрапейскую міліцыю (паліцыю), а не «карныя органы», як любіць называць сябе сёння міліцэйскае начальства. Як і ў выпадку з войскам, патрэбна шырокая грамадская дыскусія і, безумоўна, улік меркавання прафесіяналаў.

Уладзімір: Скажыце, ці будзеце вы працягваць продаж дзяржуласнасці, як гэта пачаў рабіць Лукашэнка?

Я не веру ў сумленную прыватызацыю пры дыктатуры. Кожная здзелка па прыватызацыі вядучых беларускіх прадпрыемстваў, зробленая пры Лукашэнку, будзе разглядацца асобна. Формы прыватызацыі будуць выкарыстоўвацца самыя розныя. Галоўнае, у новай Беларусі будуць забяспечаны поўная празрыстасць працэсу прыватызацыі і грамадскі кантроль за яе правядзеннем.

Ігар: У выпадку Вашай перамогі на выбарах, ці будзе працягвацца падтрымка сельскай гаспадаркі? І калі так, то ў якім выглядзе?

- Сельская гаспадарка ўжо даўно мае патрэбу ў рэфармаванні. Калгасы стратныя, у той жа час, у некаторых з іх назапашаны добры вопыт у розных галінах. Хацелася б, захоўваючы паспяхова працуючыя гаспадаркі, якіх, на жаль, крыху, арганізаваць аграсектар па-сучаснаму: фермерства; фірмы, якія спецыялізуюцца на вытворчасці; фірмы, якія працуюць па захоўванню і перапрацоўцы; кааперацыя паміж імі з улікам традыцыйна склаўшыхся сувязяў. Прыклады гэтага ўжо ёсць, праўда, назвы ў такіх фірмаў як-то мала звязаны з Беларуссю. Пры гэтым гарантыя уласнасці на зямлю.

Lara: Прэзідэнт павінен валодаць моцным характарам, устойлівай псіхікай і талентам дыпламата. Як вы лічыце, у вас яны ёсць?

- Па прафесіі я дыпламат. Для жыцця ў Беларусі пры дыктатуры неабходна мець характар, а каб быць у апазіцыі - моцны характар.

№ Х: Януковіч абмяняў частку незалежнасці Украіны на перадвыбарчую падтрымку Крамля і паніжэнне кошту на газ, чым вы гатовыя (калі гатовыя) ахвяраваць дзеля падтрымкі вашай кандыдатуры Расеяй?

- Наколькі я ведаю, Крэмль не аказваў падтрымкі Януковічу падчас прэзідэнцкіх выбараў. Ніякай здачы незалежнасці Украіны я таксама не бачу. Януковіч зняў напружанасць у расейска-ўкраінскіх адносінах, і гэта можна толькі вітаць.

Сяргей: Як можна дапамагаць Вам у перадвыбарчай кампаніі і зборы подпісаў для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты?

- Дзякуй. Гэта самыя лепшыя пытанні. З намі можна звязацца па электроннай пошце - europeanbelarus@gmail.com і па тэлефонах: +375 29 9465052, +375 29 6815737.

Пачварак: Вы лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» што азначае назва і як гэта адпавядае з меркаваннем часопіса «Newsweek» цытата: «Крэмль знайшоў свайго чалавека - мясцовага апазіцыянера Андрэя Саннікава. Ён не занадта блізкі з Захадам, і гатовы прыняць дапамогу Расеі»?

- На самой справе, уступленне Беларусі і Украіны ў ЕЗ ўзмоцніць прарасейскія настроі ў Еўропе і падвысіць міжнародныя магчымасці Расіі. У Вашынгтоне, Маскве і Брусэлі гэта пачынаюць ужо разумець. На фоне ўсеагульнай стомленасці ад Лукашэнкі, цалкам магчымыя ўзгодненыя дзеянні сусветных лідэраў па змяненні сітуацыі ў Беларусі. Галоўны выбар зробіць беларускі народ.

ПОЎНЫ ТЭКСТ КАНФЕРЭНЦЫІ З АНДРЭЕМ САННІКАВЫМ МОЖНА ПРАЧЫТАЦЬ ТУТ

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках