Навукоўцы: вароны думаюць у два разы хутчэй за людзей
3- 1.11.2026, 9:55
- 1,496
Даследаванне правялі ў Германіі.
Вароны прымаюць рашэнні на падставе ўбачанага прыкладна ўдвая хутчэй за людзей і малпаў. Гэта высветлілі нейрабіёлагі Цюбінгенскага ўніверсітэта ў Германіі, іх даследаванне апублікаваў часопіс Science. Пра вынікі распавёў ScienceAlert.
Даследчыкі Філіп Шмідбауэр і Андрэас Нідэр праверылі варон класічным тэстам. З яго дапамогай вывучаюць, як мазг прымае рашэнні, абапіраючыся на тое, што бачаць вочы. Да гэтага такі тэст праходзілі толькі людзі і малпы, а да варон яго прымянілі ўпершыню.
Варону саджалі перад сэнсарным экранам з мноствам кропак. Частка кропак пачынала рухацца ўлева або ўправа, а птушка павінна была зразумець напрамак і клюнуць мішэнь з таго ж боку экрана. За правільны адказ варону частавалі мучным чарвяком.
Часу на рашэнне давалі з запасам, каб птушка выбірала адказ, калі была ў ім упэўненая, а не проста спяшалася паспець. Каб вароны добра асвоілі заданне, кожная перад эксперыментам прайшла больш за 100 трэніровачных сесій.
У выніку птушкі адказвалі ў сярэднім за 235 мілісекунд. Паводле слоў аўтараў, гэта прыкладна ўдвая хутчэй, чым у такіх тэстах паказвалі малпы і людзі. Пры гэтым хуткасць не зніжала дакладнасці адказаў.
Праўда, у даследавання ёсць важная агаворка: у ім удзельнічалі ўсяго дзве дарослыя вароны, самцы. Таму сцвярджаць, што гэтыя вынікі гарантавана справядлівыя для варон увогуле, пакуль нельга.
На другім этапе навукоўцы ўжывілі птушкам электроды ў каўдолатэральны нідпалiум — вобласць мазгу, дзе ёсць нейроны, што адказваюць за ўспрыманне напрамку руху. Пасля аперацыі вароны зноў выконвалі тое ж заданне, а даследчыкі запісвалі актыўнасць 248 асобных нейронаў.
Высветлілася, што сігналы, звязаныя з будучым выбарам, з’яўляліся ў гэтых нейронах ужо праз 70 мілісекунд пасля таго, як кропкі пачыналі рухацца. Да таго, як птушка клюнула ў экран, праходзіла яшчэ каля 170 мілісекунд.
Паводле аўтараў, вылічальная дынаміка ў варон падобная да прыматаў, хоць нейронавая архітэктура ў іх зусім іншая, а па часе іх мазг працуе заўважна больш эфектыўна. Такую хуткасць навукоўцы звязваюць з эвалюцыяй.
— Птушкі спадзяюцца на зрок, каб выконваць дакладныя і хуткія манеўры ў палёце і накіроўваць дзюбу да аб’ектаў, калі здабываюць ежу, — патлумачыл Андрэас Нідэр.
Трэба адзначыць, што ў эксперыменце ўдзельнічалі чорныя вароны, якіх у Беларусі не сустрэнеш. Яны жывуць у Заходняй Еўропе, а ў нашым рэгіёне абітаюць шэрыя. Аднак генетычна гэтыя птушкі надзвычай блізкія — як паказалі даследаванні Мюнхенскага ўніверсітэта, адрозніваюцца яны галоўным чынам афарбоўкай пер’я. Хутчэй за ўсё, істотнай розніцы ў мазгу паміж відамі няма.
Даследчыкаў цікавіць не толькі тое, наколькі разумныя вароны, але і як ім гэта ўдаецца з мазгом, уладкаваным зусім інакш, чым наш. У людзей і іншых млекакормячых складаную інфармацыю апрацоўвае кара вялікіх паўшар’яў. У птушак такой кары няма, і гэтую працу выконваюць іншыя аддзелы мазгу. Птушыны мазг меншы, але нейроны ў ім драбнейшыя і размешчаныя шчыльней, таму сігналу трэба праходзіць меншую адлегласць.
«Дзякуючы такой незалежна ўзніклай у ходзе эвалюцыі будове канчатковага мазгу ў прадстаўнікоў сямейства вранавыя ўдвая больш нейронаў, чым у мазгу прыматаў той жа масы. У суме гэта дае велізарную вылічальную магутнасць у маленькім і шчыльна ўпакаваным «птушыным мазгу», — пісаў Нідэр у навуковым артыкуле амаль дзесяць гадоў таму.
Вранавыя ўжо не ўпершыню здзіўляюць навукоўцаў. Да гэтага сямейства адносяцца такія птушкі, як варона, крумкач, грак, каўка і сойка. Новакаледонскія вароны ўмеюць майстраваць складовыя прылады і планаваць дзеянні на тры крокі наперад. У заходніх кустарнікавых сойкаў выявілі падабенства эпізадычнай памяці, то-бок памяці пра тое, што, дзе і калі адбылося. А варон, як піша ScienceAlert, называюць «дастаткова разумнымі, каб быць паранаікамі».