4 траўня 2024, Субота, 0:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Независимая газета»: Лукашэнку далі зразумець, што на падтрымку Масквы разлічваць не варта

5

Ацэньваючы стварэнне Мытнага саюза і ўсе папярэднія гэтаму абставіны, незалежныя эксперты заяўляюць, што гэта «сур'ёзнае паражэнне Лукашэнкі».

Учора Беларусь, Казахстан і Расея сталі адзінай мытнай тэрыторыяй - у сілу ўступіў Мытны кодэкс Мытнага саюза трох краін. Беларусь, якая да апошняга моманту адмаўлялася падпісваць кодэкс без зняцця экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, ад гэтых пошлін не пазбавілася, але заявіла, што Расея прыняла яе ўмовы і саступіла.

Пра гэта, як піша «Независимая газета», учора ў Менску гаварылі і афіцыйныя асобы, і дзяржаўныя прапагандысты. Намагаючыся захаваць твар, яны прыхавана тлумачаць свайму электарату, што саступка Расеі выявілася ў тым, што экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты будуць адмененыя, як толькі Беларусь падпіша і ратыфікуе ўсе дакументы аб фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы на тэрыторыі Беларусі, Расеі і Казахстана. «Мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты для Беларусі будуць знятыя аўтаматычна, не чакаючы, калі дакументы па АЭП падпішуць і ратыфікуюць Расея і Казахстан», - тлумачыў сутнасць саступкі з боку Расеі віцэ-прэм'ер урада Андрэй Кабякоў. Аднак растлумачыць механізм гэтага невідочнага працэсу не можа ніхто. Незалежныя эксперты і зусім гавораць пра тое, што такое немагчыма, бо адзіная эканамічная прастора павінна быць створана на тэрыторыі трох краін і адпаведныя дакументы павінны распрацоўваць таксама эксперты ўсіх гэтых краін. Як Беларусь можа зрабіць гэта аўтаномна ад Расеі і Казахстана, ніхто патлумачыць не можа. Ва ўсялякім выпадку, пакуль.

Учора Андрэй Кабякоў таксама распавёў журналістам пра станоўчыя для Беларусі бакі Мытнага саюза. У прыватнасці, па яго словах, Беларусь атрымала доступ на адзіны 170-мільённы рынак і можа пачаць прыцягваць інвестараў для арганізацыі збіральніцкіх вытворчасцяў у сваёй краіне. Ён паведаміў, што адчувальныя змены заўважаць прадстаўнікі бізнесу і на мяжы - замест больш чым 11 тыс. таварных пазіцый мытнаму афармленню будуць падлягаць толькі некалькіх дзесяткаў. Калі раней без мытнага афармлення з Расеі ў Беларусь і назад маглі рухацца толькі тавары, якія выраблены ў гэтых краінах, то зараз гэта тычыцца і тавараў з трэціх краінаў, выпушчаных у свабоднае абарачэнне ў адной з краін - удзельніц Мытнага саюза. Нагадаем, выключэнне складаюць некалькі таварных пазіцый (напрыклад, легкавыя аўтамабілі для фізічных асоб), па якіх Беларусь захоўвае нацыянальныя пошліны. У выпадку продажу такога тавару ў Рассею, розніцу ў пошлінах прыйдзецца даплаціць.

Таксама Кабякоў растлумачыў, што ўчора ўступілі ў сілу ўсе нормы, «датычныя ўсталявання адзіных правілаў у галіне тэхнічнага рэгулявання, санітарнага, ветэрынарнага, фітасанітарнага кантролю». Гэта значыць, што сертыфікацыя «не ў той лабараторыі», што было прычынай забароны на ўвоз беларускага малака мінулым летам, больш не можа стаць прычынай «малочнай вайны». «Усе сертыфікаты і пратаколы даследаванняў на адпаведнасць тэхнічным патрабаванням прадукцыі, атрыманыя айчыннымі суб'ектамі гаспадарання непасрэдна ў беларускіх выпрабавальных лабараторыях, сапраўдныя на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза», - растлумачыў беларускі віцэ-прэм'ер. Як ужо адзначала «НГ», многія эксперты схіляюцца да таго, што гэты фактар і стаў сапраўднай прычынай таго, што Лукашэнка ўсё ж такі паставіў свой подпіс пад дамовай аб Мытным кодэксе. Бо 90% усяго харчовага экспарту Беларусі ідзе ў Расею.

Нягледзячы на вышэйпералічаныя плюсы радасць з нагоды стварэння Мытнага саюза ў Беларусі незаўважная. Найбольш красамоўна пазіцыю афіцыйнага Менску ілюструе фраза Аляксандра Лукашэнкі, сказаная ім у Астане: «Пажывем - пабачым».

Незалежныя эксперты таксама неадназначна ацэньваюць тое, што адбылося. На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, з аднаго боку, добра тое, што тавары змогуць бесперашкодна прадавацца ў Расеі і Беларусі, а ўзмацненне канкурэнцыі падштурхне расслабленага ва ўмовах дзяржаўнага пратэкцыянізму беларускага вытворцу. З іншага боку, Мытны саюз - гэта замкнёная прастора з даволі высокім узроўнем мытных пошлін, што будзе стрымліваць паступленне ў краіну новых тэхналогій.

Эканаміст Сяргей Чалы звяртае ўвагу на тое, што Расея «парушыла логіку эканамічнай інтэграцыі», ініцыяваўшы стварэнне Мытнага саюза да стварэння АЭП, але дазволіла «Менску захаваць твар», дапусціўшы норму аб эксклюзіўным стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы для Беларусі.

У той жа час, ацэньваючы стварэнне Мытнага саюза і ўсе папярэднія гэтаму акалічнасці, як з'ява палітычная, незалежныя эксперты ў Менску схіляюцца да таго, што гэта «сур'ёзнае паражэнне Лукашэнкі». «Сам факт, што Беларусь далучылася да Мытнага саюзу на ўмовах Расеі, выглядае як капітуляцыя», - заявіў «НГ» беларускі палітолаг Валер Карбалевіч. На думку эксперта, прыняць гэта непрыемнае для сябе рашэнне беларускага прэзідэнта прымусілі пагрозы Крамля пазбавіць Менск і ўсіх астатніх ільгот, у прыватнасці, тых 6 млн. тон нафты, якія пастаўляюцца бяспошлінна. Да таго ж, тая інфармацыйная атака на Лукашэнку, якая пачалася ў расейскіх СМІ, не пакінула беларускаму кіраўніку сумненняў у тым, што пагаршэнне канфлікту створыць яму вялікія праблемы на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Дарэчы, апазіцыя і шэраг сусветных СМІ ўжо паспелі разлічыць з'яўленне ў расейскім эфіры фільма «Хросны бацька», які распавядае пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі, як знак таго, што больш яму на падтрымку Расеі разлічваць не варта.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках