23 снежня 2024, панядзелак, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыя «Патрабуем міжнароднага расследвання!» - 16 жніўня, 18.00, Акадэмія Навук

62
Акцыя «Патрабуем міжнароднага расследвання!» - 16 жніўня, 18.00, Акадэмія Навук

Ніхто не можа забараніць беларусам выйсці на вуліцы з партрэтамі выкрадзеных лідараў апазіцыі.

Пра гэта заявілі сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар кампаніі «Кажы праўду!» Уладзімір Некляеў і старшыня Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Сёння заяўнікі акцыі 16 жніўня атрымалі адказ з Менгарвыканкама, у якім паведамляецца, што ў адпаведнасці з арт. 5 Закона пра масавыя мерапрыемствы правядзенне акцыі па заяўленым маршруце (Акадэмія Навук – плошча Свабоды) забаронена.

Лідары апазіцыі заявілі, што рашэнне Менгарвыканкама парушае заканадаўства і Канстытуцыю, якія даюць права на мірны пратэст. Акцыя пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследвання спраў зніклых!» адбудзецца 16 жніўня, у 18.00 каля Акадэміі навук.

Беларусаў заклікаюць прыйсці туды з партрэтамі выкрадзеных і забітых віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, экс-старшыні МУС Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і журналіста Зміцера Завадскага. Паводле пастановы Вярхоўнага суда, гэта не парушае ніякіх законаў.

«Улады пазбягаюць прыняцця рашэння. Яны далі фармальную адпіску, парушыўшы закон, таму што, калі не дазваляецца правядзенне акцыі ў адным месцы, павінна быць прапанавана іншае. Але грамадзянам Рэспублікі Беларусі ніхто не забараняў і не можа забараніць сабрацца каля Акадэміі навук, 16 жніўня, у 18.00 з партрэтамі зніклых. Такі фармат правядзення акцыі не супярэчыць ніякім законам. Галоўная наша задача – прыцягнуць да праблемы палітычных знікненняў увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці», - заявіў кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што яго зусім не дзівіць рашэнне ўлад забараніць акцыю ў заяўленым фармаце.

«Зразумела, што яны атрымалі ўказанне з самага «верху». Я гэта перажыў са сваім адкрытым лістом з нагоды пенсіі памерам у адзін даляр. Усе пяць структур, якія могуць звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, далі «адлуп», а адна структура – Арбітражны суд – наогул адказала так, што паколькі гэта вырашаецца нашым кіраўніком, а да кіраўніка не дастукаліся, то яны могуць толькі адмовіць. Але мы павінны правесці акцыю 16 жніўня ў законным фармаце. Гэта наш абавязак - паважаць памяць зніклых», - сказаў Шушкевіч.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька звярнуў увагу на прававы бок дадзенага пытання.

«Ёсць два рашэнні Вярхоўнага суда, якія адмяняюць рашэнні судоў ніжэйшай інстанцыі і пастанаўляюць, што, калі грамадзянін Рэспублікі Беларусь стаіць ў тым ці іншым месцы з партрэтам, гэта не трапляе пад дзеянне закона пра правядзенне мітынгаў і шэсцяў. Таму з прававога пункту гледжання фармат акцыі, які намі прапаноўваецца, абсалютна бяспечны», - адзначыў палітык.

Лябедзька таксама нагадаў, што АГП звярталася ў Генеральную пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу і праверыць факты, выкладзеныя ў знакамітым фільме расейскага тэлеканала НТВ «Хросны бацька». (Нагадаем, што ў фільме вышэйшае кіраўніцтва Беларусі абвінавацілі ў дачыненні да выкраданняў і забойстваў лідараў апазіцыі). Ніякага адказу з Генпракуратуры дагэтуль няма, нягледзячы на тое, што па законе адказ павінен быў прыйсці яшчэ 7 жніўня.

«Мабыць, праблемы, выкладзеныя ў фільме, настолькі вялікія і непад'ёмныя, што пракуратура, якая абавязана кантраляваць выкананне закона, не можа сама выканаць гэты закон», - адзначыў Лябедзька.

«Акрамя праблемы юрыспрудэнцыі, ёсць і праблема маралі. Адразу пасля паказу фільма «Хросны бацька» генпракурор быў абавязаны ўзбудзіць крымінальную справу, бо кіраўніка абвінавацілі ў забойствах апанентаў. То якая-небудзь птушачка капне на лысіну – адразу абраза гонару, і птушачку - за краты. А тут, выбачайце, увалілі не птушачкі. Гэта абвінавачванне сур'ёзнае. І маё абсалютнае маральнае права патрабаваць растлумачыць гэтае пытанне, праз выхад 16 жніўня ў 18.00 да Акадэміі навук. Гэта самае сур'ёзнае, з чым мы сутыкаемся. Таму што гэта закранае чалавечае жыццё», - адзначыў лідар кампаніі «Кажы праўду!» Уладзімір Некляеў.

Лідары апазіцыі таксама паведамілі, што ў наш час вядзецца падрыхтоўка звароту ў Еўрапарламент з просьбай правесці слуханні, прысвечаныя тэме палітычных знікненняў у Беларусі. Зварот падпішуць вядомыя ў Беларусі палітыкі, праваабаронцы, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама сваякі выкрадзеных і забітых апазіцыянераў.

Палітыкі таксама распавялі, як перадавалі зварот у Раду Бяспекі ААН праз амбасады краін, якія ўваходзяць у СБ - Кітая, Расеі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША. Падчас сустрэч усе дыпламаты цікавіліся правядзеннем у Менску акцыі 16 жніўня.

«Адказ Мінгарвыканкама на заяўку пра правядзенне акцыі «Патрабуем міжнароднага расследавання!» - гэта адказ беларускіх улад на абвінавачванні, якія прагучалі з боку расейскага тэлебачання. Тым самым улады прызналі, што ёсць праблема палітычных знікненняў і забойстваў, і яны маюць дачыненне да гэтага. Але ніхто нам не можа забараніць рабіць усё магчымае, каб справы зніклых былі разгледжаныя належным чынам.

Што да звароту ў Саўбез ААН, то магу сказаць, што я быў у амбасадзе Расеі, Вялікабрытаніі і Кітая. Кітайская амбасада мае вельмі цвёрдыя інструкцыі не прымаць дакументаў ад грамадскіх арганізацый, але мы вельмі доўга і добра паразмаўлялі. І хачу адзначыць, што амбасада Кітая таксама цікавілася акцыяй: ці ёсць дазвол, якім будзе фармат. Гэта адбылося ўпершыню. Зварот быў адпраўлены прадстаўніку Кітая ў ААН. Чакаць нейкіх хуткіх вынікаў не варта, але мы будзем працягваць распачатае, таму што гэтая справа павінна быць пад сталым кантролем грамадскасці і апазіцыі, а ў будучыні – і новых улад Беларусі», - заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках