28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы выйдуць на вуліцы (фота, відэа)

70
Беларусы выйдуць на вуліцы (фота, відэа)

На акцыі ў Менску 16 жнівеня беларусы патрабуюць міжнароднага расследавання справаў зніклых лідэраў апазіцыі.

Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі абвясцілі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і лідэр менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

У Менскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне 16 жніўня, у Дзень беларускай салідарнасці, шэсця і мітынгу пад лёзунгам: «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых!». Акцыя павінна пачацца ў 18.00 ля будынка Акадэміі навук і працягнуцца шэсцем да Плошчы Свабоды.

У заяўцы нагадваецца, што 4 ліпеня 2010 года расейскі тэлеканал НТВ у праграме «Надзвычайнае здарэнне», паказаў фільм «Хросны бацька», у якім прама гаворыцца аб датычнасці Аляксандра Лукашэнкі да выкраданняў і забойстваў віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Віктара Ганчара, былога міністра ўнутраных спраў генерала Юрыя Захаранкі, журналіста Змітра Завадзкага, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага.

З моманту паказу фільма прайшло ўжо амаль два тыдні, а афіцыйнай рэакцыі ўладаў Беларусі так і не было.

«Маўчанне афіцыйных уладаў Беларусі з нагоды скандальнай перадачы на адным з найбуйнейшых тэлеканалаў суседняй дзяржавы з'яўляецца абуральным і недапушчальным. Гэта маўчанне наносіць непапраўную шкоду міжнароднаму прэстыжу Рэспублікі Беларусь і давер беларускіх грамадзян да дзяржаўнай улады. Больш маўчаць нельга!», - гаворыцца ў заяўцы.

Беларускія дэмакраты патрабуюць ад Генеральнай пракуратуры Беларусі ўзбудзіць крымінальную справу па факце дэманстрацыі на тэлеканале НТВ фільма «Хрэсны бацька» і прыцягнуць да адказнасці:

- Або рэдакцыю тэлеканала НТВ па абвінавачванні ў паклёпе (распаўсюд у сродках масавай інфармацыі заведама ілжывых, ганебных звестак, злучаных з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства) у адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (раздзел XIII, глава 33, артыкул 367 КК РБ);

- Або грамадзяніна Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку па абвінавачванні ў арганізацыі (стварэнне злачыннай групы або злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва імі), спрыянні (садзейнічанне ў здзяйсненні злачынства указаннямі, знішчэннем перашкод альбо абяцаннем схаваць злачынцу) і падбухторванні (скланенне іншага асобы да здзяйснення злачынства) у здзяйсненні забойстваў двух і больш асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку, з мэтай утойвання іншага злачынства або палягчэння яго здзяйснення, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці (раздзел VII, глава 19, артыкул 139 КК РБ).

Лідэры апазіцыі адзначаюць, што за 11 гадоў з моманту знікнення Ганчара, Захаранкі, Завадскага і Красоўскага беларускія ўлады не змаглі расследаваць гэтыя гучныя справы. На іх думку, фільм НТВ можа азначаць, што ў справах аб знікненнях лідэраў апазіцыі і журналіста з'явілася новая інфармацыя.

Палітыкі патрабуюць правядзення міжнароднага расследавання гэтых спраў пад эгідай ААН і арганізацыі слуханняў па гэтых справах у міжнародных арганізацыях.

«Сёння ёсць рэальны шанец прасунуць расследаванне справаў аб знікненнях у Беларусі. Пад эгідай ААН у 2005 годзе была створаная міжнародная камісія па расследаванні забойства былога прэм'ер-міністра Лівана Рафіка Харыры. У Беларусі ў 1999 годзе зніклі былыя вышэйшыя кіраўнікі краіны, 11 гадоў прайшло, але нічога не адбываецца. Таму мы будзем рыхтаваць зварот у ААН і будзем патрабаваць міжнароднага расследавання гэтых спраў. Факты, якія мы ўбачылі па расейскім тэлебачанні, таксама павінны быць выкарыстаны ў гэтым расследаванні», - заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

«Пасля выхаду ў эфір фільма «Хросны бацька» мы звярталіся ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу па факце самога фільма. Аднак Васілевіч маўчыць, адказу ніякага няма. Таму мы будзем звяртацца ў ААН, а таксама ў Еўрапарламент з просьбай правесці спецыяльныя парламенцкія слуханні аб злачынствах, якія былі здзейсненыя ў Беларусі. Актуальнасць гэтага пытання звязана з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. Ўзняцце гэтага пытання ў ААН і Еўрапарламенце стане гарантыяй бяспекі для дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты», - лічыць лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Мы неаднаразова ўзнімалі пытанні палітычных знікненняў у Беларусі на працягу ўсіх 11 гадоў. Раней Расея захоўвала маўчанне, але сёння развязаная Аляксандрам Лукашэнкам інфармацыйная вайна супраць Расеі і яе кіраўніцтва дае дадатковыя магчымасці для праліцця святла на гэтыя падзеі. Фільм НТВ гаворыць аб тым, што расейскі бок валодае дадатковымі дадзенымі ў гэтых справах і, улічваючы цесную сувязь спецслужбаў Беларусі і Расіі, РФ валодае дастатковай колькасцю матэрыялаў і можа аказаць садзейнічанне ў міжнародным расследаванні», - упэўнены лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў нагадаў, што сёння ў эфіры тэлеканала НТВ пакажуць фільм «Хросны бацька-2»:

«Я цалкам згодны з маімі калегамі, што пасля такіх фільмаў неабходна абавязкова расследаванне не толькі ўнутры нашай краіны, але і за яе межамі. Я думаю, мы гэтага даможамся. Ужо пачалася падрыхтоўка ўсіх неабходных дакументаў, якія мы вам яшчэ пакажам».

На думку першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, толькі міжнароднае расследаванне дапаможа высветліць, куды зніклі лідэры апазіцыі.

«Зразумела, каму гэта выгадна. Але тое, што паказала расейскае тэлебачанне умацоўвае мяне ў перакананні, што без вышэйшага кіраўніцтва Беларусі такое адбыцца не магло. Я таксама хацеў бы адзначыць, што ў нас у краіне вельмі магутныя праўладныя паліттэхналогіі. Зараз яны спрабуюць развіць у Беларусі антырасейскія настроі. Але мяне ў гэты уцягнуць немагчыма. Мы не можам быць ворагамі з Расеяй. Нам прызначана лёсам быць суседзямі. І Лукашэнка ніяк нельга лічыць гарантам незалежнасці Беларусі. Гарантам незалежнасці не можа быць чалавек (а гэта, дарэчы, паказана ў фільме НТВ), які не разбіраецца, што такое беларускасць, не ведае, што за ордэн Францыска Скарыны ён уручае ад імя Беларусі, не ведае беларускай гісторыі, супрацьстаіць беларускай мове, падтрымлівае толькі тых, хто па-халуйску яму служыць. Украінцы добра ў свой час сказалі: «Мы ня быдла!» І мы таксама ня быдла. Такі кіраўнік як Лукашэнка ня можа прывесці да сапраўднай незалежнасці, беларускасці і сапраўдным добрым адносінам з нашай суседкай Расеяй», - заявіў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Адзін з лідэраў Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заклікаў беларусаў выйсці 16 жніўня, у 18.00 на акцыю пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых!».

«У сітуацыі, калі спонсар і галоўны саюзнік рэжыму вядзе інфармацыйную вайну, у сітуацыі, калі фінансавая піраміда, якую пабудаваў рэжым Лукашэнкі, можа абрынуцца ў бліжэйшыя месяцы, выратаваць дыктатарскі рэжым можа толькі лянота і баязлівасьці прыхільнікаў дэмакратыі. Таму мы заклікаем усіх людзей, якія хочуць жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне, выйсці на вуліцу разам з намі і прадэманстраваць сваю пазіцыю. Ёсць тры фактары, якія могуць дапамагчы зменам у краіне: смеласць і рашучасць; смеласць і рашучасць і яшчэ раз смеласць і рашучасць», - заявіў Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках