14 снежня 2025, Нядзеля, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскія СМІ: Кіраўніка коннай паліцыі Вільні магло вербаваць КДБ

18
Літоўскія СМІ: Кіраўніка коннай паліцыі Вільні магло вербаваць КДБ

Затрыманне Лаймонаса Банкаўскаса ў Беларусі выклікае падазрэнне ў супрацоўнікаў спецслужбаў.

Як піша сайт ru.DELFI.lt, ёсць меркаванне, што КДБ Беларусі, падкінуўшы наркотыкі ў машыну ротнага камандзіра муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце, спрабавала яго вербаваць.

Нагадаем, што Банкаўскас, які быў у адпачынку, быў затрыманы 16 жніўня на мяжы Літвы і Беларусі, у Ашмянскім раёне. Аднак яго цешча сцвярджае, што Банкаўскаса затрымалі яшчэ ў нядзелю.

Банкаўскас жанаты на грамадзянцы Беларусі. Бацькі яго жонкі жывуць у Менску. Аднак, даведаўшыся пра няшчасце, цешча прыехала ў Вільню, а яго жонка з сябрамі - у Беларусь.

Паводле словаў цешчы Банкаўскаса, ён з сям'ёй планаваў ехаць да мора. Перад паездкай вырашыў набыць паліва ў Беларусі. Кіраўнік коннай паліцыі прапаноўваў ехаць разам з ім блізкім, аднак яны не пажадалі. Калі Банкаўскас вяртаўся ў Літву, яго аўтамабіль правяралі не толькі мытнікі, але і супрацоўнікі спецслужбаў.

Калі літоўца папрасілі ўзняць капот, ён зрабіў гэта. У гэты момант паліцыянт знаходзіўся на вуліцы, не бачыў, што адбываецца ў салоне і ў багажніку. У яго машыне знайшлі 45,5 грамаў метамфетаміна. Банкаўскаса затрымалі і змясцілі ў Гарадзенскім следчым ізалятары. Яму пагражае пазбаўленне свабоды на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.

Літоўскія спецслужбы здзівіла і тое, якія наркотыкі былі знойдзеныя ў Банкаўскаса, і іх колькасць. Для наркамана такая колькасць з’яўляецца зашмат вялікай, а для гандляра-аптавіка - замалой.

Кіраўнік Мытнай крымінальнай службы Саўлюс Урбанавічус сказаў DELFI наступнае: «Не туды вёз. Метамфетамін вязуць з Літвы. З Беларусі да нас вязуць гераін, гашыш, а не метамфетамін. Нелагічна і дзіўна».

«Ён ехаў за палівам. Набыўшы яго ў Беларусі, ён бы сэканоміў 200 літаў. Калі б ён гандляваў наркотыкамі, то за палівам у Беларусь яму не давялося б ездзіць. Не сумняюся, што гэта правакацыя», - кажа цешча арыштаванага паліцыянта.

У гэтую гісторыю не верыць і начальнік Банкаўскаса Альгімантас Мінкаўскас: «Я ў гэта не веру. Чакаем, калі ён вернецца».

У Вільні ходзяць чуткі, што цесць Банкаўскаса - былы супрацоўнік КДБ высокага рангу або ваенны, цяпер прадпрымальнік. Нібы КДБ магло зацікавіцца літоўцам і з-за яго цесця. Аднак цешча Банкаўскаса не згодная з гэтымі чуткамі. Паводле яе словаў, яе муж служыў у савецкім войску, быў маёрам, а пасля распаду СССР сышоў са службы, працаваў у кампаніях, якія гандлююць кампутарамі.

Цешча Банкаўскаса сцвярджае, што зяць настроены супраць наркотыкаў і наркагандляроў, таму жанчына не сумняецца, што наркотыкі яму «нахабна і груба падсунулі».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках