1 лiстапада 2024, Пятніца, 5:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Някляеў просіць генпракурора вярнуць яму вершы

34

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» звярнуўся з адкрытым лістом да генпракурора Беларусі.

Уладзімір Някляеў нагадвае, што ўжо прайшло тры месяцы, з таго часу як за ўдзел у грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія зрабілі ў яго доме ператрус і забралі ўсе рукапісы: папяровыя і электронныя.

«Якое дачыненне да Крымінальнага кодэксу, да артыкулу 250, па якім мяне затрымалі, могуць мець мае аповесці, апавяданні, паэмы і вершы?... Ніякага. Але на ўсе просьбы вярнуць мне іх - ці маўчанне, ці пустыя адпіскі.

Сярод забранага - творы незавершаныя і толькі распачатыя. Дзённікавыя, інтымныя запісы, якія тычацца выключна майго асабістага жыцця: стасункаў з маімі сябрамі, знаёмымі, жонкай, дзецьмі... І ва ўсё гэта нехта мае права лезці? З надуманай прычыны? Па артыкуле, па якім прадугледжана пакаранне за нейкую хлуслівую інфармацыю аб нейкіх таварах?.. Ці ў нашай краіне таварам стала ўсё?», - пытаецца ў лісце паэт.

Някляеў адзначае, што, калі арыштоўваюцца літаратурныя рукапісы, міжволі ўзгадваюцца трагічныя памятныя 30-я гады мінулага стагоддзя. «Мяркуючы па дзеяннях, якія дазваляюць сабе сілавыя структуры, па немаце, з якой глядзіць на ўсё гэта скаванае страхам грамадства, мы вяртаемся ў тыя часы. Як тады, так і цяпер, уся дзейнасць праваахоўных органаў накіраваная не на забеспячэнне бяспекі дзяржавы, а на ахову інтарэсаў аднаго чалавека, які ўвасабляе сабой ўладу», - піша лідэр кампаніі «Гавары праўду».

«Такога не павінна быць. Мой абавязак як грамадзяніна, пісьменніка, паэта - гэтаму супрацьстаяць. І Ваш абавязак - грамадзянскі і прафесійны - такі ж. Краіна павінна жыць не па чыёйсьці асабістай волі, а па законах. Спадзяюся, што Вы і большасць вашых калегаў, лічыце менавіта так.

Займаючыся палітыкай, я не пакідаю літаратуру. Кожны, хто ёй займаецца прафесійна, ведае асаблівасці гэтай прафесіі. Ёсць творы, у працы над якімі нельга перарывацца. Яны пішуцца на адным дыханні, да іх немагчыма вярнуцца пазней - яны страчваюць закладзеную ў іх энергію і незваротна губляюцца. Я гэта тлумачыў і тлумачу, але мяне ніхто не чуў і не чуе. «У камеры дапішыце…» - неяк кінуў следчы. Так што: мне самому ў турму прасіцца? Ці ёсць у мяне нейкая магчымасць дапісаць недапісанае?

Прашу пачуць мяне і паспрыяць у тым, каб мне неадкладна вярнулі мае літаратурныя рукапісы», - звяртаецца да генпракурора Уладзімір Някляеў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках