Сёння Дзень памяці ахвяраў нацызму і сталінізму
4- 23.08.2010, 10:06
Дзень памяці ахвяраў нацызму і сталінізму прадстаўнікі беларускай грамадскасці адзначаюць паездкай у мемарыяльны комплекс «Катынь».
З ініцыятывай адзначаць агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму 23 жніўня выступіў у верасні 2008 года Еўрапарламент, нагадвае БелаПАН.
23 жніўня 1939 года СССР і Германія падпісалі дамову аб ненападзенні, якая атрымала назву пакт Молатава - Рыбентропа. Да дакумента прыкладаўся сакрэтны пратакол, у адпаведнасці з якім Германія і СССР, па сутнасці, дзялілі паміж сабой тэрыторыю Усходняй Еўропы.
Ініцыятарамі паездкі беларускіх актывістаў у Катынь выступілі аргкамітэт па стварэнні руху салідарнасці «Разам», сябры міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мемарыял» і шэраг моладзевых дэмакратычных арганізацый.
Напярэдадні паездкі гісторык Ігар Кузняцоў, даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій, у інтэрв'ю БелаПАН адзначыў, што прадстаўнікі беларускай грамадскасці ўжо другі год запар наведваюць ў гэты дзень Катынь, каб ушанаваць памяць ахвяраў таталітарных рэжымаў.
Мемарыял, адкрыты ў Смаленскай вобласці 24 ліпеня 2000 года, з'яўляецца першым у Расеі міжнародным помнікам ахвярам таталітарызму, падкрэсліў гісторык. Ён створаны Міністэрствам культуры РФ і Саветам аховы памяці, барацьбы і пакутніцтва Польшчы на месцы знішчэння ў перадваенныя гады супрацоўнікамі НКУС каля 10 тысяч савецкіх грамадзян, а таксама 4.421 афіцэра польскага войска, якія былі інтэрнаваныя ў СССР і расстраляныя ў красавіку-траўні 1940 года.
Паводле дадзеных Кузняцова, не менш 1.150 знішчаных былі выхадцы з Беларусі, у тым ліку генерал Браніслаў Бахтарэвіч, які нарадзіўся ў Гродзенскай губерніі.