14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшыня ОСВОД абураны «бескультур'ем» менскіх нудыстаў

45

Анатоля Голуба абурыла, што на нудысцкім пляжы мужчыны і жанчыны гуляюць у валейбол.

Старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах (ОСВОД) Анатоль Голуб лічыць, што наведвальнікі пляжу нудыстаў на Менскім моры павінны падумаць пра культуру сваіх паводзінаў, перадае «Інтэрфакс-Захад».

«На Менскім моры ёсць пляж нудыстаў. Мы не супраць гэтага, але павінна быць культура паводзінаў», - заявіў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак у Менску Голуб.

Пры гэтым ён адзначыў, што лічыць парушэннем культуры паводзінаў у грамадскім месцы, «калі нудысты на Менскім пляжы - і дарослыя, і падлеткі, і мужчыны, і жанчыны - гуляюць у валейбол разам».

Голуб адзначыў, што ў Еўропе таксама ёсць нудысцкія пляжы, але там асобна адпачываюць мужчыны і жанчыны.

Наконт іншага аспекту паводзінаў на пляжах і ў месцах адпачынку, старшыня ОСВОД выказаў занепакоенасць «вялікай колькасцю фактаў распіцця спіртных напояў». «У зоны адпачынку - на Цнянку, на Менскае мора - усе ідуць з торбамі. А што робіцца ноччу на Вячы - усе пра гэта ведаюць», - сказаў Голуб.

Старшыня ОСВОД паведаміў, што ў гэтым годзе ў Беларусі на водах патанула 1016 чалавек, з якіх 50% былі непрацуючымі, і ўсе яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым ён удакладніў, што колькасць патанулых у гэтым годзе на 400 чалавек большая, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

У гэтым годзе 32 чалавекі патанулі ў ванных, 419 ў рэках, 471 чалавек - у вадасховішчах і азёрах, больш за 80 - у катлаванах, ямах і ручаях, 43 чалавекі - у калодзежах і цыстэрнах. Паводле словаў А. Голуба, выратаваных было больш за 750 чалавек, якія цярпелі бедства на водах, папярэджаныя больш за 6,8 тыс. чалавек. Голуб таксама паведаміў, што кожны год у Беларусі каля 40 чалавек сканчаюць жыццё самагубствам на вадзе.

Старшыня ОСВОД праінфармаваў, што «смяротнасць ад утапленняў пры купанні ў Беларусі рэзка скарацілася пасля наступлення больш прахалоднага надвор'я». «За мінулы тыдзень у вадаёмах патанула 36 чалавек, а за папярэдні яму амаль 80», - сказаў ён. Голуб адзначыў, што з утапленнямі на вадзе «павінен змагацца не адзін ОСВОД». На яго думку, «кіраўнікі прадпрыемстваў павінны больш увагі надаваць прафілактыцы парушэнняў правілаў паводзінаў на водах». У Беларусі 160 зонаў адпачынку, дзе ёсць служба ОСВОД, а ў рэспубліцы усяго 20 тыс. рэк, 10 тыс. азёр і вялікая колькасць кар'ераў.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках