23 лiстапада 2024, Субота, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чарнобыльскую зону скарачаюць

20
Чарнобыльскую зону скарачаюць

Тэрыторыі, на якіх адменены кантрольна-прапускны рэжым, складаюць звыш за 5 тысячаў гектараў.

Рашэнне прынятае Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі, перадае газета «Рэспубліка».

Да прыкладу, больш не забараняецца наведваць такія населеныя пункты, як Дзеражня, Кашаноўка, Гарадзешня, Ігнатоўка і іншыя. Паводле запэўнівання ўладаў, за перыяд пасля 1986 года ўзровень радыяцыі тут істотна панізіўся і зараз не перавышае 15 кюры.

Аднак, як адзначае вядучы спецыяліст адміністрацыі зонаў адчужэння і адсялення па Клімавіцкім раёне Сяргей Салановіч, спецыяльны прававы рэжым у гэтых месцах захоўваецца. Тут па-ранейшаму нельга разводзіць вогнішчы, скідаць смецце, а калі хтосьці вырашыць збіраць грыбы і ягады, дык іх трэба абавязкова праверыць у лабараторыях на прадмет утрымання радыёнуклідаў.

Рэабілітаваныя ўчасткі аддадзеныя ў распараджэнне лясной гаспадаркі, якая валодае тэхналогіяй вырошчвання чыстага лесу на ўмерана забруджаных радыяцыяй тэрыторыях.

Жыхарам зараз ужо былых забруджаных населеных пунктаў прыйдзецца развітацца са сваімі ільготамі.

Нагадаем, што зусім нядаўна Чарнобыльская зона ўжо скарачалася. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў з 10 лютага 2010 года агульная колькасць забруджаных населеных пунктаў зменшылася на 211 адзінак, у параўнанні са спісам, які быў зацверджаны ў 2005 годзе.

Тым часам, на думку кіраўніка кіеўскага кардынацыйна-аналітычнага Цэнтра экалогіі і здароўя, прафесара Юрыя Бандажэўскага, калі на паверхні глебы лічыльнік не рэгіструе радыёактыўны цэзій, дык гэта азначае, што радыёактыўныя элементы проста мігравалі ў тоўшчу зямлі і знаходзяцца на ўзроўні каранёвай сістэмы. Спецыяліст кажа пра трансфармацыю радыёактыўных элементаў у больш небяспечныя для здароўя людзей.

Напрыклад, цэзій-137, распадаючыся, ператвараецца ў барый, а барый вельмі таксічны для арганізма чалавека. Людзі на ўмоўна чыстых тэрыторыях атрымліваюць яго з раслінамі і мясам жывёлаў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках