13 траўня 2024, панядзелак, 20:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўстрыя заклікае спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі

9

На слуханнях у Вене эксперты прыйшлі да высновы, што праект Астравецкай АЭС не гатовы да рэалізацыі.

Пра гэта «Еўрарадыё» распавёў расейскі навуковец Андрэй Ажароўскі, які таксама ўдзельнічаў у мерапрыемстве. Ён працытаваў выніковыя словы прадстаўніка Федэральнай зямлі Верхняя Аўстрыя Герхарда Лойдла.

«Праект не гатовы да рэалізацыі і мы просім прыпыніць выкананне праекта. Афіцыйна ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не дала адказаў на ўсе пытанні. Не даказана, што прапанаваны праект належыць да так званага трэцяга пакалення, не дадзеная поўная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, не разглядаюцца пытанні адыходаў і захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва, няма вызначанасці з аварыяй самалёта, не даследаваныя ці не карэктна прадстаўленыя дадзеныя пра магчымасць аднаўляльных крыніцаў энергіі, таксама некарэктна прадстаўленыя сцэнары аварыяў».

Слуханні ў Вене доўжыліся 11 траўня 5 гадзінаў. У іх удзельнічала каля 40 чалавек, у тым ліку і 8 афіцыйных прадстаўнікоў нашай краіны: ад Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іншых ведамстваў.

«Вена знаходзіцца прыблізна за тысячу кіламетраў ад астравецкай пляцоўкі. Аўстрыя, у адпаведнасці са сваім заканадаўствам, лічыць сябе бокам, які можа быць закрануты. Абсалютная большасць удзельнікаў з Аўстрыі ўпэўненыя, што ў выпадку, калі Астравецкая АЭС будзе пабудаваная і на ёй раптам адбудзецца аварыя, дык сітуацыя можа быць цалкам падобная на чарнобыльскую. А Аўстрыі ад Чарнобыльскай АЭС дасталася да 2-3% выпадзення радыёнуклідаў» — распавёў Андрэй Ажароўскі.

У канцы слуханняў выступілі афіцыйныя прадстаўнікі нашай краіны, якія заявілі, што канчатковае рашэнне адносна будаўніцтва АЭС будзе прымаць сама Беларусь. Таксама яны адзначылі, што, па міжнародных нормах, зона ахоўных мерапрыемстваў — 3 кіламетры, таму Аўстрыі наша станцыя пагражаць не можа.

«У цэлым не задаволеныя вынікам. Таму што вынік такі: Беларусь будзе будаваць АЭС, паколькі лічыць яе бяспечнай і неабходнай. Пры гэтым погляды звонку вітаюцца, але не прымаюцца да разгляду», — заявіў «Еўрарадыё» эксперт права аўстрыйскай экалагічнай арганізацыі Oekobuero Клеменс Конрад.

Паводле яго словаў, канфлікт паміж прыхільнікамі будаўніцтва АЭС і праціўнікамі застаўся, а мерапрыемства яго не вырашыла. Клеменс Конрад спытаў у беларускіх прадстаўнікоў, што будзе, калі Архускі камітэт разгледзіць скаргу па будаўніцтве АЭС і будзе чымсьці незадаволены і папросіць Беларусь паўтарыць пэўныя працэдуры. Дакладнага адказу Конрад не пачуў: яму сказалі, што вынік разгляду скаргі будзе абавязкова станоўчым, негатыўнага сцэнара не існуе.

«У мяне такое пачуццё, што беларускія спецыялісты вельмі імкнуліся даваць дакладныя адказы, але ў шэрагу выпадкаў няўдала, паколькі слова браў некампетэнтны чалавек... Мне здаецца, яны адказвалі, як маглі. Не ведаю, як далёка яны маглі пайсці, — гэта палітычнае пытанне», - упэўнены Клеменс Конрад.

Напярэдадні слуханняў у Вене прайшлі і закрытыя кансультацыі на афіцыйным узроўні. На аснове іх, а таксама публічнага абмеркавання Аўстрыя сфармулюе сваю афіцыйную пазіцыю і накіруе яе ў Беларусь.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках