Амерыканскія санкцыі Нацбанку не перашкода?
2- 4.08.2010, 12:52
У Нацбанку Беларусі заявілі, што развіццю гандлёва-эканамічных стасункаў паміж Беларуссю і Іранам не перашкодзяць санкцыі ЗША ў дачыненні да двух іранскіх банкаў.
«Створаныя ў Беларусі два банкі з іранскім капіталам ставяць сабе за мэту развіццё двухбаковых гандлёва-эканамічных стасункаў і падпарадкоўваюцца выключна беларускім законам», - заявілі агенцтву «Інтэрфакс» у сераду ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.
Ва ўпраўленні інфармацыі падкрэслілі, што «дзейнасць гэтых банкаў ніяк не звязаная з прэтэнзіямі, якія прад'яўляюцца амерыканскім бокам». «Гэта невялікія банкі, яны знаходзяцца на пачатковай стадыі свайго развіцця», - адзначылі ў Нацыянальным банку Беларусі.
На мінулым тыдні старшыня праўлення НББ Пётр Пракаповіч заявіў, што «санкцыі ў дачыненні да Ірана носяць мэтавы характар і звязаныя з фінансаваннем вытворчасці ядзернага паліва, нафтахімічнага комплексу». «Гэтыя аперацыі кантралююцца. Калі нашыя банкі (іранскага паходжання - ІФ) працуюць у іншых галінах - закупляюць іншую прадукцыю, харчаванне і мірную прадукцыю ў цэлым, дык санкцыяў у дачыненні да іх не павінна быць», - адзначыў кіраўнік НББ.
У Беларусі дзейнічаюць 2 банкі іранскага паходжання: «Онербанк» (належыць банкам Рэфах Каргаран, Садэрат, Тасее Садэрат) і «Банк гандлёвы капітал» (кантрольнай доляй валодае банк Тэджарат).
Як паведамляе амерыканскі тэлеканал CNN два беларускія банкі - «Банк гандлёвы капітал» і «Онербанк» - патрапілі пад санкцыі міністэрства фінансаў ЗША, якія былі ўведзеныя ў межах санкцыённай палітыкі Вашынгтона ў дачыненні да Ірана.
Усяго, паводле дадзеных тэлеканала, у цяперашні санкцыённы пакет патрапіла 21 структура з банкаўскага, страхавога і інвестыцыйнага сектараў, а таксама горнай прамысловасці. Гэтыя структуры, паводле дадзеных Мінфіна ЗША, ці кантралююцца, ці знаходзяцца ва ўласнасці Ірана.