19 траўня 2024, Нядзеля, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кляштар бернардынаў вернікам не аддадуць: там будзе гатэль

36
Кляштар бернардынаў вернікам не аддадуць: там будзе гатэль

Чыноўнікі заяўляюць: «Прызначэнне гатэльных нумароў набліжанае да кляштарных келляў».

Комплекс будынкаў былога кляштару бернардынаў у Менску вернікам перададзены не будзе. Пра гэта 4 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў Міхаіл Жых, галоўны інжынер КУП «Менская спадчына», якое займаецца рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй гэтага комплексу, перадае БелаПАН.

«Натуральна, кляштару там не будзе, — сказаў Жых. — Там будуць гатэльныя нумары, паколькі функцыянальнае прызначэнне найбольш набліжанае да кляштарных келляў. На жаль, гэта будуць не камфортныя пяцізоркавыя нумары, але ў нас атрымаецца ўзнавіць стыль і стварыць гатэльныя нумары з максімумам выгодаў для сучаснага спажыўца».

Па словах галоўнага інжынера, гатэльны комплекс у былым кляштары бернардынаў плануецца здаць у эксплуатацыю ўжо ў 2013 годзе. «Гэты комплекс увайшоў у праграму стварэння гатэльнага сэрвісу да правядзення ў Менску Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Таму мы хочам узвесці асноўныя збудаванні ўжо ў 2013 годзе, каб у 2014 годзе пачаць яго непасрэдна эксплуатаваць», — паведаміў Жых.

Ён адзначыў, што на тэрыторыі комплексу размесцяцца таксама некалькі музеяў. У прыватнасці, у некаторых памяшканнях гатэльнага тыпу можа размесціцца музей кляштарнага побыту, у гаспадарчых памяшканнях — музеі карэтаў і пажарнай справы. «У межах археалагічных раскопак там выяўленыя рэчы, якія датаваныя XII стагоддзем: манеты, наканечнікі, некаторыя іншыя фрагменты. Яны дазволяць нам стварыць там маленькі музей археалогіі», — сказаў Жых.

Нагадаем, з сакавіка 2005 года чальцы менскай рымска-каталіцкай супольнасці святога Іосіфа праводзяць рэгулярныя вечаровыя малітвы за вяртанне вернікам будынкаў Менскага кляштару бернардынаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя. Будынак святыні, збудаванай у свой час на сродкі вернікаў, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імперыі за ўдзел вернікаў у нацыянальна-вызваленчым паўстанні супраць расейскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Рэгулярныя малітвы пачаліся пасля таго, як стала вядома пра планы Менгарвыканкама перадаць будынкі інвестарам для прыстасавання пад гатэльны комплекс і аб'екты гандлёва-побытавага прызначэння.

У 2007 годзе Лукашэнку быў накіравана зварот з больш чым 30 тысячамі подпісаў за вяртанне кляштару вернікам, аднак з пачатку 2010 года вядуцца працы па рэканструкцыі кляштара.

Тым часам, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч неаднаразова заяўляў, што прыстасаванне кляштару пад гатэль прывядзе да страты шмат якіх адметных рысаў помніка архітэктуры.

Варта таксама адзначыць, што 24 чэрвеня цяперашняга года ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка на прэс-канферэнцыі ў Менску не выключыў магчымасці вяртання вернікам будынкаў былога кляштара і касцёла. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэтае пытанне можа быць вырашаные толькі пасля вызвалення будынка ад архіўных установаў.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках