2 траўня 2024, Чацвер, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справядлівая Расея» пра акцыю 16 жніўня ў Менску

12

Міжнароднае ўпраўленне Апарата партыі «Справядлівая Расея» падрыхтавала матэрыял пра сітуацыю ў Беларусі.

Прыводзім яго тэкст цалкам.

Беларусь: датэрміновыя прэзідэнцкія выбары?

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб правядзенні 7 верасня пазачарговай сесіі парламента. У Менску не выключаюць, што на сесіі будзе прызначаная дата прэзідэнцкіх выбараў, якія могуць прайсці раней за намечаны тэрмін. Пра гэта паведамілі ананімныя крыніцы ў парламенце, якія былі растыражаваныя беларускімі сродкамі масавай інфармацыі. Падобную магчымасць у размове журналістамі не выключыў і старшыня парламенцкай камісіі па дзяржбудаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіль Байкоў. Ён, праўда, абмовіўся, што парадак дня працы сесіі палаты прадстаўнікоў вызначыць асабіста прэзідэнт.

У адпаведнасці з беларускай канстытуцыяй і выбарчым кодэксам выбары прэзідэнта Беларусі павінны прайсці да 6 лютага 2011 года. І парламент павінен прызначыць дату галасавання не пазней, чым за пяць месяцаў да правядзення выбараў. Эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валер Карбалевіч паведаміў, што ў беларускіх уладаў ужо фактычна саспела рашэнне аб правядзенні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. Карбалевіч наўпрост гэта звязаў з расейскім фактарам. Ён нагадаў, што ў снежні у Менска павінны быць цяжкія перамовы з Расеяй аб коштах на газ і нафту для Беларусі. «Гэта напэўна будзе суправаджацца жосткім супрацьстаяннем, у тым ліку і ў СМІ», - адзначыў эксперт. Паводле яго словаў, Лукашэнку хацелася б пераабрацца на наступны пяцігадовы тэрмін да пачатку новага вітка абвастрэння стасункаў з Расеяй, які апроч усяго іншага небяспечны сур'ёзным пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.

У сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца, беларуская апазіцыя распачынае масавыя акцыі з патрабаваннем правесці міжнароднае расследаванне па фактах знікнення апанентаў уладаў у 90-х гадах. 16 жніўня ў Менску рыхтуецца масавае шэсце і мітынг пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых». Арганізатарамі акцыі пратэсту выступілі грамадзянскія кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (лідэр Андрэй Саннікаў) і «Гавары праўду!» (Уладзімір Някляеў), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» (Станіслаў Шушкевіч), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» (Сяргей Калякін), Беларускі народны фронт (Аляксей Янукевіч).

Як мяркуюць аналітыкі ў Менску, альтэрнатыўнымі Лукашэнку кандыдатурамі з ліку апазіцыі з'яўляюцца лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, а таксама намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Усе тры кандыдаты прэтэндуюць на расейскую падтрымку.

Матэрыял падрыхтаваны Міжнародным упраўленнем Апарата партыі СПРАВЯДЛІВАЯ РАСЕЯ

Даведка charter97.org:

«Справядлівая Расея» — левацэнтрысцкая палітычная партыя ў Расеі, лідэрам якой з'яўляецца старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расейскай Федэрацыі Сяргей Міронаў. 8 лютага 2010 года «Справядлівая Расея» заключыла з партыяй «Адзіная Расія» палітычнае пагадненне, у якім абедзве партыі заявілі, што яны абавязваюцца імкнуцца да кааліцыйных дзеянняў: «Справядлівая Расея» падтрымлівае стратэгічны курс Прэзідэнта Расеі Д. А. Мядзведзева і Старшыні Урада В. В. Пуціна па стратэгічных пытаннях, а «Адзіная Расея» падтрымлівае знаходжанне С. М. Міронава на пасадзе Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу РФ. Удзельнікі Пагаднення выказалі гатоўнасць разам дзейнічаць пры вырашэнні кадравых пытанняў, у тым ліку па выніках выбараў шляхам заключэння пакетных пагадненняў пры фармаванні кіраўнічых органаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках