23 лiстапада 2024, Субота, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Надышоў час адкрыта заявіць пра сваю пазіцыю»

24
Віктар Івашкевіч: «Надышоў час адкрыта заявіць пра сваю пазіцыю»

16 жніўня ў Менску пройдзе акцыя з патрабаваннем міжнароднага расследавання справаў зніклых.

Пра гэта распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

-- Вы падалі заяўку на правядзенне 16 жніўня ў Менску акцыі «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых!». Але Акцыі-16 раней праводзіліся апазіцыяй без падачы заяўкі ў Менгарвыканкам. Чаму зараз узнікла такая неабходнасць?

-- Заяўка пададзеная для таго, каб 16 жніўня прайшло не проста пікетаванне, але шэсце і мітынг, што без спецыяльнага дазволу цяжка правесці. Калі ўлады з нейкіх прычынаў не дазволяць правядзенне акцыі, дык тады гэтае мерапрыемства пройдзе ў сваім звычайным рэжыме: людзі выйдуць на вуліцу з партрэтамі зніклых у Беларусі вядомых людзей. Я спадзяюся, што ўлады праявяць разважлівасць, акцыя пройдзе спакойна, паколькі за ёй будуць назіраць беларускія і замежныя сродкі масавай інфармацыі, а таксама дыпламаты краінаў Еўразвяза і ЗША. Неадэкватныя паводзіны ўладаў будзе растыражаваныя і адпаведна расцэненыя ў свеце.

-- А чаму лідэры апазіцыі абралі такі маршрут шэсця: ад Акадэміі Навук да плошчы Свабоды?

-- Справа ў тым, што пры правядзенні апазіцыяй апошніх мерапрыемстваў (25 сакавіка ў Дзень Волі і 26 красавіка – «Чарнобыльскі Шлях») заяўкі падаваліся па маршруце, які пачынаецца ад Акадэміі Навук. Менскія ўлады давалі дазвол на пачатак дэманстрацыяў у гэтым месцы, і гэта давала магчымасць людзям сабрацца. Хаця праход далей забаранялі, але мы ўсё адно павінны сабрацца да таго, каб маніфестацыя прайшла ў цэнтры Менска. Што датычыць канчатковага пункту накіравання, дык на плошчы Свабоды знаходзіцца Генеральная пракуратура Беларусі, а адно з нашых патрабаванняў - каб пракуратура правяла адкрытае і справядлівае расследаванне справаў зніклых апазіцыянераў.

-- Вы верыце, што людзі даведаюцца праўду пра выкраданні Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага і Анатоля Красоўскага?

-- Я ўпэўнены, што людзі даведаюцца праўду. І калі не дзякуючы дзеянням цяперашніх уладаў, дык пасля змены рэжыму ў Беларусі дакладна. Праўда заўсёды выходзіць навонкі, і схаваць тыя злачынствы, якія былі здзейсненыя, ні ў кога не атрымаецца. Каб наблізіць гэты час, людзі павінны прыняць удзел у акцыі 16 жніўня.

-- Некаторыя вашыя калегі па Партыі БНФ, лічыць, што Расеі не варта давяраць, што яна няшчырая нават у пытанні палітычных выкраданняў у Беларусі і, нягледзячы на выхад тэлепраграмаў і артыкулаў, якія выкрываюць Лукашэнку, не будзе да канца дамагацца праўды. А вы як лічыце?

-- Незалежна ад матываў, якія рухаюць расейскімі ўладамі, выкраданні і забойствы ў Беларусі палітыкаў і журналістаў - гэта справа беларусаў. Мы гэтае пытанне павінны ўзнімаць і вырашаць. Іншая справа, што зараз надышоў зручны момант, каб падключыць да гэтага пытання міжнародныя арганізацыі. І гэты момант узнік дзякуючы пазіцыі, якую заняла Расея. Трэба выкарыстоўваць гэту сітуацыю, каб расследаванне справаў зніклых праводзілася і прыняла міжнародны характар.

-- Што б вы сказалі людзям, якія зараз вырашаюць: ці прыняць удзел у акцыі 16 жніўня?

-- Настае момант, ад якога залежыць, ці будуць змены ў Беларусі. Кожны з нас павінен заявіць пра сваю пазіцыю, надышоў час казаць пра яе адкрыта. Трэба калісьці рабіць першы крок. І ёсць магчымасць зрабіць гэты першы крок 16 жніўня. Тым часам Савет бяспекі ААН можа разглядаць пытанне аб пачатку міжнароднага расследавання палітычных выкраданняў у Беларусі, і дэманстрацыя нашай пазіцыі паўплывае на прыняцце станоўчага рашэння.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках