Беларускі МЗС кінуўся абараняць «Саўбелію» і БТ
1- 7.09.2010, 9:17
Як лічаць дыпламаты, расейская амбасада не па адрасе накіравала свае прэтэнзіі з нагоды асвятлення ў дзяржаўных СМІ інцыдэнту ля будынка дыпмісіі РФ у Менску.
Пра гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прэс-сакратар міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных.
«Мы атрымалі ноту амбасады РФ у Менску практычна адначасова з каментарамі з гэтай нагоды ў СМІ дарадцы амбасады (Вадзіма Гусева - ІФ). Гэта выклікала пэўнае здзіўленне, бо ажыццяўленне дыпламатычных кантактаў не мае патрэбу ў дадатковым абгрунтаванні праз СМІ», - адзначыў Савіных.
«Па сутнасці пазначаных у каментары пытанняў трэба адзначыць, што газета «Советская Белоруссия» размясціла матэрыял (пра датычнасць расейскіх анархістаў да інцыдэнту - ІФ) са спасылкай на крыніцу - вядучыя інфармацыйныя агенцтвы Расеі», - звярнуў увагу прэс-сакратар.
«Можна меркаваць, што пры больш ўважлівым і грунтоўным разглядзе (матэрыяла - ІФ) абурэнне расейскіх калегаў было б накіраванае па іншым адрасе», - дадаў ён.
Раней шэрагам СМІ былі распаўсюджаныя выказванні В. Гусева аб накіраванні ў беларускі МЗС ноты ў сувязі з «пасажам цэнтральных беларускіх дзяржаўных СМІ» і распаўсюдам імі «неправеранай інфармацыі» пра датычнасць расейскіх анархістаў да інцыдэнту ля амбасады РФ 30 жніўня, калі на яе тэрыторыю невядомымі былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю. Расейскую бок «абурыла», што следства не скончанае, а шэраг беларускіх дзяржаўных СМІ лічыць вінаватымі ў нападзе на расейскую амбасаду менавіта расейскіх, а не якіх-небудзь іншых анархістаў.
Як паведамляла агенцтва «Інтэрфакс», нейкая група анархістаў, якія назвалі сябе «Сябры свабоды», заявіла пра датычнасць да інцыдэнту на тэрыторыі амбасады РФ у Менску, куды невядомыя 30 жніўня кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю.