18 траўня 2024, Субота, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Версія «палітычнае забойства» павінна быць асноўнай

64
Версія «палітычнае забойства» павінна быць асноўнай

Сябар Алега Бябеніна і рэдактар сайта Electroname.com піша пра тое, што адбывалася напярэдадні і ў дзень трагедыі.

Артыкул Фёдара Паўлючэнкі быў апублікаваны на сайце Electroname.com.

6 верасня пахавалі стваральніка і кіраўніка вядучага апазіцыйнага сайта Беларусі charter97.org Алега Бябеніна. Алега знайшлі павешаным на лецішчы пад Менскам 3 верасня. Праваахоўныя органы працягваюць настойваць на версіі пра самагубства. Я быў сябрам Алега, ведаю яго 10 гадоў і не веру ў тое, што Алег сам добраахвотна пайшоў з жыцця. Хацеў бы патлумачыць свае сумненні і распавесці, што адбывалася напярэдадні трагедыі і ў той дзень, калі было знойдзена цела журналіста. Пра ўсё гэта я ўжо распавядаў следчаму абласной пракуратуры, але, на жаль, шмат чаго, што агучваецца ў СМІ, не адпавядае рэчаіснасці.

За тыдзень да трагедыі Алег вярнуўся з Грэцыі. Там з сям'ёй яны адпачывалі два тыдні. Пасля яго вяртання мы не сустракаліся, але кожны дзень размаўлялі праз скайп. Гэта быў штодзённы «рытуал» (інтэрнэтчыкі зразумеюць), абмен спасылкамі, медыя-вірусамі. У чацвер ён як заўсёды шмат жартаваў, дасылаў нейкія спасылкі на фотасесіі дзяўчат, агляд тэлефона ад Экслера і ўсю раніцу ўгаворваў мяне пайсці на фільм «Мачэта». Гэты «камедыйны фільм жахаў» ад культавых Радрыгеса і Таранціна ён чакаў паўгады, паказваў трэйлер, пераказваў артыкулы з сусветнай прэсы. У іх ёсць кампанія сяброў, якая традыцыйна ходзіць на такія фільмы. Я абяцаў падумаць, але бліжэй да абеда вырашыў не хадзіць, трэба было пабыць з сям'ёй дома. У гэты ж дзень я папрасіў пазычыць 400 даляраў і Алег прапанаваў падысці да 20-00 да кінатэатра «Кастрычнік», маўляў, «заадно і грошы прынясу» (звярніце ўвагу). Увечары я не разлічыў з часам і да васьмі не паспеў.

На наступны дзень у скайпу Алега не было, а каля гадзіны дня яго калегі пачалі пытацца праз скайп, ці не бачыў я яго. Аказалася, што ў кіно ён не прыйшоў і наогул ні з кім з другой паловы чацвера не размаўляў і ніхто яго не бачыў. Яго шукалі па Менску, абтэлефаноўвалі РУУС, бальніцы, морг. Увечары на лецішча паехалі яго сваякі (брат і сяброўка жонкі), якія і паведамілі, што Алег вясіць у пятлі. Наколькі мне вядома, на лецішча ён не збіраўся, дакладней нікому не казаў, што паедзе туды, таму там яго шукалі ў апошнюю чаргу.

Я не мог не паехаць туды, не верылася, што такое можа адбыцца, і каля 19-00 прыехаў на лецішча разам з калегамі Алега. Гэта такое ціхае месца, нікога няма, суседскія дамы адносна далёка, ні душы. Толькі ў доме справа была суседка, якая распавяла, што Алега ні ў чацвер, ні ў пятніцу не бачыла, бачыла толькі, што стаіць машына, і што ў доме гарыць святло (яна выходзіла з дома некалькі разоў, святло гарэла ў 23-00 і ў 3-00). Печку або камін у доме ў Алега не тапілі, дым з трубы не ішоў.

Праз гадзіну прыехалі крыміналіст і памочнік пракурора Дзяржынскага раёна. Да іх прыходу я ў дом не ўваходзіў і пасля папярэдняга агляду і фотаздымкаў работнікамі праваахоўных органаў, мяне запрасілі ў якасці панятога. Цела ўжо ляжала на падлозе і я папрасіў паказаць фота таго, дзе і як вісела цела. Алег вісеў на канаце ад гамака (канат у палец таўшчынёй), у куртцы, у чаравіках, куртка наглуха зашпіленая, пад нагамі ляжаў зэдлік з сагнутай ножкай. Алег упіраўся напаўсагнутымі нагамі ў падлогу. Цела вісела ў праходзе паміж пярэднім пакоем і вялікім пакоем пад лесвіцай на другі паверх. Канат быў завязаны мноствам вузлоў і шматразова абматаны вакол бярвення (заснавання лесвіцы).

Крыміналіст расшпіліў куртку, агледзеў кішэні і дастаў з задняй кішэні джынсаў некалькі буйных купюраў беларускіх рублёў (каля 200-300 тыс сінімі купюрамі па 50 тысячаў). Больш нічога ў кішэнях не было, усе дакументы, дарагі тэлефон, ключы акуратна ляжалі на століку ў вялікім пакоі. У кніжцы чырвонага колеру (міжнароднае журналісцкае пасведчанне) ляжалі 400 даляраў. Версія рабавання і г. д. цалкам выключаная. Перадсмяротнай запіскі не было.

Паводле словаў крыміналіста, цела было яшчэ цёплым і ён выказаў здагадку, што смерць наступіла ўсяго некалькі гадзін таму. Міліцыянт задраў швэдар, на целе спераду ніякіх бачных слядоў пашкоджанняў не было. Крыху пазней я заўважыў, што левая кісць і рукаў замазаныя сажай, пры гэтым выразна быў бачны «сіняк» на костцы сярэдняга пальца (гэта нават была хутчэй увагнутасць ад удару). Звяртала на сябе ўвагу правая ступня, якая была ненатуральна вывернутая направа пад вуглом амаль 90 градусаў.

У пакоях дома была ідэальная чысціня, усё ляжала на месцах, было адчуванне, што Алег ні да чаго не дакранаўся. Толькі накідка на фатэлі ў вялікім пакоі ляжала нядбайна і каля фатэлі на падлозе карцінна стаялі дзве пустыя паўлітровыя бутэлькі з этыкеткамі «Беларускі бальзам» і пустая чарка. Ні ежы, ні якіх-небудзь слядоў знаходжання чалавека ў пакоях не было.

У прахадным пакоі, дзе вісела цела, стаіць шафа, дзверцы адной з верхніх паліц былі прыадчыненыя і там ляжалі ў беспарадку шторы, анучы, падаўжальнік. Адчуванне, што на паліцы нешта паспешліва шукалі. У прымыкальным пакойчыку ляжаў гамак, канат ад якога выкарыстоўвалі.

Усе гэтыя жахлівыя падрабязнасці стаяць да гэтага часу перад вачыма, але я павінен пра гэта распавесці, каб растлумачыць, што версія самагубства ўяўляецца мне вельмі падазронай. Хіба мог чалавек яшчэ днём збірацца на культавы баявік, жартаваць з гэтай нагоды, а потым рэзка перадумаць, паехаць на лецішча і павесіцца? Хіба мог Алег выпіць літр «бырла», дэманстратыўна выставіць бутэлькі на самае бачнае месца, каб ніякіх сумненняў не было, але пры гэтым не пакінуць запіску (а ён жа журналіст)? У рэшце рэшт, навошта браць для мяне гэтыя 400 даляраў, калі ён збіраўся пайсці з жыцця?

У мяне склалася ўражанне, што следчыя працуюць толькі па адным напрамку - пошук матываў для самагубства, а іншыя версіі проста «не цікавыя». Алег быў кіраўніком вядучага апазіцыйнага сайта, з'яўляўся ключавым сябрам перадвыбарчай каманды прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост Андрэя Саннікава і версія «палітычнае забойства» пры ўсіх гэтых абставінах павінна быць для следства асноўнай.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках