25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура правярае словы Міхалка: Лукашэнка - злодзей і хлус

116
Пракуратура правярае словы Міхалка: Лукашэнка - злодзей і хлус

Пракуратура дала экспертам 3 месяцы, каб тыя вызначыліся, ці абразіў музыка ў сваім выступе Лукашэнку.

Пракуратура адправіла прамову Сяргея Міхалка на аналіз. І працягнула разгляд яшчэ на 3 месяцы. За гэты час моўныя эксперты павінныя вызначыць: абразіў галоўны «Ляпіс» прэзідэнта ці не.

«Адвакату, з якім заключыў дамову Сяргей Міхалок, паведамілі, што тэрмін пракурорскай праверкі працягнуты на тры месяцы, яна павінная была скончыцца ў 20-х чыслах кастрычніка. А таксама прызначаная лінгвістычная экспертыза», – дзеліцца з «Еўрарадыё» свежымі навінамі прадстаўнік гурта «Ляпіс Трубяцкой» Зміцер Безкаравайны.

Следчы пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска Аляксандр Бачыла, які выклікаў Сяргея і казаў Еўрарадыё, што яму падабаюцца песні «Ляпіса», гэтым разам размаўляць адмовіўся:

- Без каментарыяў!

- На якім этапе цяпер разбіральніцтва?

- Тое ж самае адкажу.

- Можа быць, вы хоць б скажаце пра якія словы, ці пра якую прамову ідзе гаворка?

- Адкрыйце Інтэрнэт – убачыце.

- То бок гэта тое інтэрв’ю, пра якое ўсе гавораць?

- Угу.

- Калі Міхалок прыедзе, ці будзе ён неяк абмежаваны ў правах?

- Без каментарыяў!

- А ў вышук будзеце яго абвяшчаць?

- Без каментарыяў!

Інстытут мовы і літаратуры Акадэміі навук, які, як правіла, робіць моўныя экспертызы, запыт з пракуратуры пакуль не атрымаў. Дырэктар установы Аляксандр Лукашанец чуў пра «справу» Сяргея Міхалка. Але пакуль разбіраць словы лідара «Ляпісаў» не бярэцца.

«Калі раптам да мяне прыйдзе афіцыйны запыт, то адказ будзе залежаць ад таго, як сфармуляванае пытанне. Таму я не хачу, каб мая думка на гэты конт, як спецыяліста, дзесьці фігуравала», – тлумачыць навукоўца.

Сам жа Сяргей Міхалок пакуль вяртацца ў Беларусь не плануе і абжываецца ў маскоўскай кватэры.

Сяргей Міхалок: «Я застаўся ў Маскве не таму, што я баюся гэтых судовых разбіральніцтваў. Я застаўся ў Маскве, бо жадаю быць у страі. На паўгады наперад распісаныя гастролі нашага гурта і гэта галоўнае. Гэта маё прызначэнне, гэта мая місія. Людзі, якія спецыялісты ў адвакатуры, юрыспрудэнцыі мне сказалі, што калі я вярнуся ў Менск, то на час разбіральніцтва, хутчэй за ўсё, у мяне возьмуць падпіску аб нявыездзе, а можа быць, нават забяруць пашпарт. А канцэрты, як вы ведаеце - рэч свяшчэнная, адмяняць іх нельга. Таму я сфакусуюся на сваім гастрольным графіку, буду гэтым займацца, а кантора няхай піша».

Напісаць каментар 116

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках