18 траўня 2024, Субота, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Фралоў: Генеральскае званне розуму не дадасць

55
Валер Фралоў: Генеральскае званне розуму не дадасць

3 лістапада, у ходзе наведвання стацыянарнага пункта кіравання штаба зоны тэрытарыяльнай абароны ў Менску, Аляксандр Лукашэнка прыняў «лёсавызначальнае» рашэнне - прысвоіў званне генерал-маёра губернатарам абласцей і мэру Менска.

Нібыта, у сувязі з тым, што яны таксама кіруюць парадамі абароны адпаведных рэгіёнаў.

Больш за тое, звяртаючыся да старшыні Менгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, Лукашэнка сказаў: «Ён з сённяшняга дня - генерал-маёр. Ён галавой адказвае за тэрытарыяльную абарону. І гэта ягонае права, паінфармаваўшы прэзідэнта, распачынаць ўсю тэрытарыяльную абарону. Калі прэзідэнт ухваліць, хай распачынае».

Ці можа чыноўнік, няхай і такога ўзроўню, як губернатар або сталічны мэр кіраваць абаронай, хоць і тэрытарыяльнай, карэспандэнт Euramost даведаўся ў генерала ў адстаўцы Валера Фралова.

- Як вы, чалавек ваенны, успрынялі навіну аб прысваенні такіх высокіх воінскіх званняў людзям грамадзянскім, якія да войска не маюць, практычна, ніякага дачынення?

- Я ўзгадваю з літаратуры, што пры цары былі розныя генерал-губернатары і гэтак далей. Але мне падаецца, што нават тады, людзям, якія наогул не мелі да войска ніякага дачынення, такія званні проста так не прысвойвалі. Хоць, можа я і памыляюся. І ў нас - гэта наогул нешта новае! З іншага боку, я ніяк не магу разабрацца, якое званне ў Аляксандра Рыгоравіча таго ж... Ці ў ягонага малодшага сына, які гэтак жа перыядычна з'яўляецца ў мундзіры. Так што, тут нічога, у прынцыпе, дзіўнага няма.

- Што гэта званне можа даць грамадзянскай чыноўніку, таму ж старшыні аблвыканкама?

- Ды нічога! Калі чалавек нармальны, то яму ніякія звання не патрэбныя - ні яфрэйтара, ні генерала. І я абсалютна не бачу сэнсу Ладуцьку прысвойваць званне генерал-маёра! Незразумела - навошта яно яму?

- Як навошта?! Ён жа будзе кіраваць тэрытарыяльнай абаронай ў выпадку вайны...

- Але ж справа ў тым, што пагоны не даюць аўтаматычна ўмення камандаваць! Як гаспадарнік ён кіруе Менскам - і няхай кіруе! Я думаю, што ў яго праблемаў звышдастаткова ў Менску, якія неабходна вырашаць. І дай Бог, каб ён з імі разабраўся. А з пункту гледжання тэрытарыяльнага камандавання трэба, каб ваенны чалавек, які будзе камандаваць гэтымі войскамі, знаходзіў паразуменне з грамадзянскім кіраўніком. Каб тэрытарыяльную абарону арганізаваць на сапраўды годным узроўні. А грамадзянскі, будзь ён хоць генералісімусам, у ваенных пытаннях цяміць нічога не будзе.

Наогул, выглядае гэта прысваенне досыць смешна. Я думаю, што гэтага нічога не дадасць тэрытарыяльнай абароне. Але нагавіцы ім пашыюць - можа ім падабаецца ў лампасах хадзіць. Можа, на гэта пайшла мода вядома ад каго, не ведаю.

- А як самі ваенныя могуць, на вашую думку, паставіцца да гэтага прысваення генеральскіх званняў?

- Думаю, наўрад ці станоўча любы нармальны афіцэр будзе гэта ўспрымаць. Давайце дырэктару цырка званне прысвоім - ён таксама звяроў уціхамірвае, яшчэ каму-небудзь - усе будуць ваеннымі! Думаю, што гэта ні розуму, ні досведу, ні эфектыўнасці кіраўніцтва гэтае званне нікому не дадасць. Яно павінна расці паступова - пачынаючы з лейтэнанта. Вось, тады гэта вайскоўцы. А гэта ўсё ператварае атрыманне воінскіх званняў у цырк нейкі!

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках