Дашкевічу пагражаюць максімальна строгім прысудам і карцэрам
24- 14.03.2011, 18:11

Як стала вядома праваабаронцам, лідэра «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча, які знаходзіцца цяпер у менскім СІЗА на Валадарскага, у чарговы раз наведаў супрацоўнік вайсковай контрвыведкі.
За адмову супрацоўнічаць ён пагражаў Зміцеру Дашкевічу, што той атрымае на судзе максімальны тэрмін зняволення, які цалкам правядзе ў карцэры. Суд над Дашкевічам адбудзецца 21 сакавіка, перадае ПЦ "Вясна".
Пра што адбывалася размова паміж моладзевым лідэрам і прадстаўніком контрвыведкі, дакладна не вядома, але яна ў іх не атрымалася. Пры гэтым органы вайсковай контрвыведкі, паралельна з іншымі спецслужбамі, уключаныя ў працу па расследаванні крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Такім чынам, нягледзячы на завершанасць следства па ягонай справе і блізкасць суда, ціск на Дашкевіча па-ранейшаму працягваецца.
Зміцер Дашкевіч разам з іншым прадстаўніком "МФ" Эдуардам Лобавым быў затрыманы за дзень да падзеяў 19 снежня. Абодва абвінавачваюцца ў асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК), за якое ім пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.