23 снежня 2024, панядзелак, 6:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Сапелка: «Саннікаў знаходзіцца ва ўмовах, што вызначаныя як катаванні»

37
Павел Сапелка: «Саннікаў знаходзіцца ва ўмовах, што вызначаныя як катаванні»

Юрыст Павел Сапелка распавёў аб рэальным становішча ў СІЗА КДБ свайго былога падабароннага, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Два тыдні таму Павел Сапелка быў выключаны з калегіі адвакатаў. Сёння ён даў інтэрв'ю газеце «Салідарнасць».

- Павел Васільевіч, чаму вас прыбралі? Што асаблівага вы рабілі ў адрозненне ад іншых адвакатаў?

- Па-першае, прыбралі не толькі мяне. Па-другое, нічога асаблівага я не рабіў: проста нармальна, сур'езна і, на мой погляд, якасна ажыццяўляў абарону сваіх кліентаў. Чаму калегі прынялі рашэнне аб маім выключэнні - гэта на іхнім сумленні.

Я не рабіў нічога такога, што магло нанесці шкоду маім падабаронным, дзяржаве і ейнай бяспецы, гонару і годнасці калегіі адвакатаў.

- У інтэрвію «Радыё Свабода» вы заявілі, што ініцыятыва аб вашым выключэнні зыходзіла ад старшыні КДБ і Мінюста. Адкуль у вас гэтая інфармацыя?

- Я бачыў матэрыялы, якія былі прадстаўленыя Міністэрствам юстыцыі. Мінюст вынес прадстаўленне ў прэзідыум калегіі адвакатаў на падставе ліста старшыні КДБ.

- Ці адчувалі вы на сабе ціск да выключэння з калегіі адвакатаў?

- Я жыў у чаканні прыняцця якога-небудзь жорсткага рашэння ў дачыненні да мяне з канца снежня. Мне дастаткова было ведаць, што па судах горада Менска ходзяць прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі і правяраюць справы, якія праводзіліся з маім удзелам. Лічу, што падставаў для персанальных праверак я не даваў. Што яны спрабавалі там знайсці? Не маю ніякага разумення.

Хачу выказаць вялізную падзяку ўсім тым, хто падтрымаў мяне; вашае меркаванне для мяне было вельмі важным. Падтрымайце тых адвакатаў, якія мужна і прафесійна адстойваюць і будуць адстойваць правы сваіх падабаронных.

- Пагаворым пра справы вашых былых падабаронных. Як ідуць справы ў Паўла Севярынца?

- Я не бачыў Паўла Севярынца з 29 снежня. На гэтым можна паставіць кропку. Калі праводзяцца нейкія следчыя дзеянні, яны павінныя праводзіцца з удзелам абаронцы. Але я Паўла больш за два месяцы не бачыў. Таму нават не маю разумення , на якім этапе знаходзіцца ягоная справа.

- Зміцера Дашкевіча вы ў апошні раз бачылі 16 лютага.

- З нагоды Дашкевіча, мне асабіста ўсё зразумела. Крымінальная справа, на маю думку, перспектывы абвінаваўчага прысуду мець не павінная.

- Калі ў апошні раз вы бачылі Андрэя Саннікава?

- 16 лютага.

- Як ён сябе адчуваў: як ягонае здароўе, псіхалагічны стан?

- Ведаеце, з таго часу як у бытнасць маю адвакатам мне вынеслі загад, я адмовіўся адказваць на гэтыя пытанні. І адмовіўся адказваць не таму, што гэта тайна следства.

Але лічу, таго, што я сказаў у пачатковы перыяд следства, ужо дастаткова. Які стан здароўя Андрэя Саньнікава - трэба пытацца ў тых, хто далей будзе абараняць ягоныя інтарэсы. Калі яшчэ больш дакладна: трэба дамагацца таго, каб стан ягонага здароўя стала прадметам абследавання, якое будзе адкрытым і падкантрольным грамадству. Трэба дамагацца таго, каб Саннікаў быў рэальна абследаваны медыкамі, і вынікі абследавання былі даведзеныя, па меншай меры, да ягоных родных і блізкіх.

А казаць пра тое, якія мае адчуванні... Я шмат чаго бачыў. Але пакуль Саннікаў там, я стараюся пра гэта не казаць.

- Але, магчыма, калі б вы распавялі аб тым, што бачылі, то гэта магло б неяк дапамагчы Саннікаву.

- З нагоды ўсіх заўважаных мною парушэнняў закона я звярнуўся ва ўстаноўленым парадку ў органы, у чые абавязкі ўваходзіць ўхіленне гэтых парушэнняў. Аб выніках гэтых зваротаў, думаю, стане вядома падчас судовага разбору. Калі ён будзе. Вынікі зваротаў, на жаль, складаюць тайну следства.

- А наконт чаго былі звароты?

- У тым ліку наконт стану здароўя, у тым ліку наконт ужытых метадаў затрымання і ужытых метадаў следства.

- Ці правільна я зразумеў, што вы не жадаеце гаварыць пра свае адчуванні, каб...

- ...Мае адчуванні ў любым выпадку суб'ектыўныя, па-першае. Па-другое, ад гэтага можа стаці горш.

- Але вы цяпер не адвакат.

- Саннікаву можа стаць горш.

- Ці пісаў Саннікаў нейкія пакаянныя лісты?

- Ва ўсялякім разе, я нічога пра гэта ня ведаю. Сумняюся. Але скажу так: што б ні напісаў Саннікаў, знаходзячыся ў тых умовах, куды яго змясцілі, - гэта не павінна прымацца да ўвагі на-о-гул. Гэты перыяд жыцця трэба проста выкрасліць. Што б ён ні напісаў, што б ні зрабіў, больш за тое, якія б паказанні ні даў - на гэта не трэба звяртаць увагі. Чалавек знаходзіцца ў тых умовах, якія міжнароднымі нормамі вызначаны як «катаванні» - бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне. Як мінімум.

- А можаце сказаць, з кім ён сядзіць у камеры, у якіх умовах?

- Наколькі я ведаю, умовы ягонага ўтрымання змяніліся.

- У які бок?

- Нібыта ў бок паляпшэння. Па апошняй інфармацыі, атрыманай ад яго асабіста, ён па-ранейшаму быў у камеры, дзе колькасць змешчаных перавышала колькасць месцаў. Спаў на драўляным шчыце на падлозе. Апісваць іншыя нюансы не буду, «заслону сакрэтнасці» ўжо прыадчынілі іншыя былыя зняволеныя.

- На вашую думку, Саннікаў з'яўляецца для ўладаў адной з тых фігур, якую, на іхні погляд, трэба найбольш пакараць за падзеі 19 снежня?

- Я не магу адказаць на гэтае пытанне, таму што логіку дзеянняў, асабліва праваахоўных органаў, я з 19 снежня перастаў разумець наогул.

- Ваш прагноз: чым завершацца справы Саннікава, Севярынца, Дашкевіча.

- Не хачу будаваць прагнозы. З нагоды Дашкевіча я яшчэ бачу варыянты развіцця падзей, а з нагоды Саннікава і Севярынца - у мяне няма ніякага ўяўлення. Асабліва з улікам працэсаў, што прайшлі над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 снежня.

- Як мне напісаць у тэксце: я спадзяваўся, што Павел Сапелка распавядзе тое, аб чым не мог распавесці, будучы адвакатам, але ён вырашыў па-ранейшаму не адказваць на некаторыя пытанні, бо усё яшчэ баяўся за будучыню сваіх былых падабаронных?

- Правільна будзе напісаць, што Сапелка не мог адказаць на пытанні, не ўзгадніўшы адказы са сваімі падабароннымі.

Я магу вам сказаць так. Калі ідзе гаворка аб прымяненні недазволеных метадаў следства, рэакцыя адваката звычайна выглядае наступным чынам. Падабаронны заяўляе: у дачыненні да мяне ўжываліся недазволеныя метады следства. Адвакат задае пытанне, што мае намер рабіць падабаронны: падаваць скаргу або ўстрымацца - таму што часта наступствы могуць быць прама процілеглымі чаканаму.

Бываюць выпадкі, калі затрыманы цвёрда і адназначна кажа адвакату: так, да мяне ўжываліся недазволеныя метады вядзення следства, але я забараняю вам па гэтай падставе скардзіцца, і сам не буду скардзіцца.

У любым выпадку любое рашэнне адвакату трэба прымаць разам з падабаронным. А калі адвакат мае зносіны са сваім падабаронным сам-насам на працягу 20 хвілін у першы дзень, калі яшчэ незразумела пра што пойдзе гаворка далей, і пасля пазбаўлены магчымасці пастаянна мець зносіны з ім - гэта не праца.

Вядома, мне хацелася сустрэцца з Саннікавым, хоць бы распавесці якія дзеянні робяцца ў ягоную абарону. Але я і гэтага не мог толкам распавесці. Было так. Я прыходжу - у кабінеце сядзіць следчы, сядзіць Саннікаў або яго прыводзяць пазней. Пачынаецца допыт. Нам падчас следчага дзеяння мець зносіны з Саннікавым нельга - так лічыць следчы. Абмяркоўваць нейкія пытанні па справе - таксама нельга. Адзінае, да чаго знізыходзіў следчы, дазваляў пры ім сцісла абмеркаваць якія рэчы і прадукты перадаць Саннікаву пры наступнай перадачы ў СІЗА КДБ.

- Што цяпер галоўнае для Саннікава - выйсці здаровым?

- Мне здаецца, проста выйсці. На любых умовах. І выйсці чым хутчэй, тым лепей.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках