25 снежня 2024, Серада, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Парсюкевіч: У зняволенні людзей не перавыхоўваюць, а запалохваюць

16

Былы палітвязень пракаментаваў адкрыты ліст Мікалая Аўтуховіча пра катаванні за кратамі.

Еўрарадыё: На сайце “Радыё Свабода” з’явіўся адкрыты ліст палітвязня Мікалая Аўтуховіча, які пацвярджае, што ў следчых ізалятарах і калоніях людзей катуюць. Пры наяўнасці такіх фактаў, магчыма нешта зрабіць, каб пачалося расследаванне?

Парсюкевіч: “Ці магчыма нешта зрабіць з юрыдычнага пункту гледжання? Прычына дакладна ёсць і, мяркую, шмат асобаў і ў пракуратуры, і ў кіраўніцтве МУС ведаюць, што ўсё гэта мае месца. Больш таго, усё гэта пачынаецца на самым ніжэйшым узроўні, на ўзроўні крымінальнага вышуку. І тое, што гэта адбываецца ў турме — гэта толькі працяг. Але мяркую, што гэта немагчыма ў сучаснай Беларусі, бо на гэтым і заснаванае ўсе правасуддзе. У нас, па вялікім рахунку, правасуддзе не перавыхоўвае чалавека, а запалохвае. У грамадстве пануе страх”.

Еўрарадыё: З юрыдычнага пункту гледжання, якая кара прадугледжана за катаванне?

Парсюкевіч: “Калі ўзяць норму закона, то ў тым жа следчым ізалятары вывешаныя правы і абавязкі зняволеных і тых, хто іх даглядае. Там усё дакладна прапісана, што павінна быць нармальнае стаўленне, не павінна быць катаванняў. Гэта ўсё з юрыдычнага пункту гледжання ёсць, але на практыцы гэтага няма. Чалавек, які трапіў у месцы пазбаўлення волі, першае, што адчувае — гэта непавагу і прыніжэнне. А без фізічных пакутаў не абыдзецца, бо там самі ўмовы ўтрымання ўжо дастаўляюць пакуты. А тое, што яшчэ робіцца асобна супрацоўнікамі турмы, калоніі — гэта ўжо іх ініцыятыва. Я размаўляў прыватна з супрацоўнікамі жодзінскай турмы (адной з сумнавядомых падобных установаў), і на маё пытанне, навошта яны здзекуюцца над зняволенымі, сказалі, што ад іх гэтага патрабуюць”.

Еўрарадыё: Яны на сваім ніжэйшым узроўні не баяцца парушаць закон?

Парсюкевіч: “Думаю, што не баяцца, бо гэта ідзе і патрабаванне кіраўніцтва. Калі гэтага не зробяць яны, то да іх будуць пытанні”.

Еўрарадыё: Да адказнасці, у такім выпадку, трэба прыцягваць кіраўніцтва?

Парсюкевіч: “Так, “рыба гніе з галавы”. Калі кіраўнік следчага ізалятара вырашыць, што ў ізалятары мусіць усё быць паводле закону, не павінна быць катаванняў, то іх не будзе на працягу максімум 10 дзён. А калі вырашыць нейкі кантралёр ці інспектар, што не трэба здзекавацца, то не факт, што ён застанецца на працы”.

Еўрарадыё: Калі ахоўнікаў бяруць на працу, яны нейкі псіхалагічны тэст праходзяць?

Парсюкевіч: “Не думаю, што там набіраюць асобаў з псіхічнымі адхіленнямі, бо людзі праходзяць медыцынскую камісію, у тым ліку і псіхолага, і розныя тэсты. Гэтаму яны вучацца ў працэсе працы. А іншая справа ў тым, што ў сістэме МУС вельмі нізкі конкурс. Калі я працаваў у міліцыі, то ў міліцыю трапіць на працу было дастаткова складана, быў вялікі конкурс, не было ніякіх запрашэнняў, аб’яваў. А зараз туды ніхто не ідзе, такая сітуацыя, што ў міліцыю могуць трапіць людзі цалкам выпадковыя. Асабліва на такія нізкія пасады, як кантралёр у СІЗА і г. д.”.

Еўрарадыё: Аўтуховіч у сваім лісце напісаў, што бываюць такія выпадкі, калі людзей збіваюць да смерці ў турме і ён піша, што вельмі лёгка "спісваюцца" гэтыя ахвяры. Ці сапраўды так лёгка кіраўніцтву турмы "спісаць" чалавека, які памёр у турме? Ці ёсць нейкая кантрольная сістэма?

Парсюкевіч: “Тэарэтычна яна ёсць. Калі з чалавекам нешта здараецца, напрыклад, смерць, то ў гэта будзе ўцягнута пракуратура. Аднак, падаецца, максімум, што можа быць — гэта могуць за гэта выгнаць з працы, калі палічаць, што ён перавысіў свае "неафіцыйныя" паўнамоцтвы, якія ў яго ёсць”.

Еўрарадыё: Ці асоба, якую катавалі за кратамі, мае магчымасць звярнуцца да кагосьці па дапамогу?

Парсюкевіч: “Практычна, не. Тэарэтычна, можна напісаць заяву ў пракуратуру, дэпартамент, які курыруе гэты напрамак. Але на практыцы гэта ўсё роўна ідзе праз кіраўніцтва гэтых арганізацыяў, турмаў або калоніяў, і яны не пусцяць далей гэтую паперу. А калі і дадуць ёй ход, то з пракуратурай яны гэтыя пытанні павырашаюць”.

Еўрарадыё: Якая пагроза таго, што гэтую асобу далей могуць катаваць?

Парсюкевіч: “Калі чалавек не зламаўся, то яны будуць гэты прэс павялічваць і павялічваць. І я дапускаю, што ў Аўтуховіча зараз будуць праблемы”.

Еўрарадыё: Як можна паўплываць, каб гэтая сітуацыя ў гэтай сістэме змянілася?

Парсюкевіч: “На ўзроўні ААН можна стварыць камісію па гэтых фактах, каб прыехалі сапраўды незалежныя асобы, каб яны сапраўды зрабілі незалежнае расследаванне не з уладамі, а з асобамі, якія ў тэме, а такіх асобаў дастаткова. Але нават, калі ААН установіць такія факты афіцыйна, то невядома, ці будуць у такой сітуацыі ў Беларусі змяненні да лепшага”.

Еўрарадыё: А калі родныя і блізкія будуць пісаць у Генеральную пракуратуру запыты, ці магчыма, што будуць нейкія праверкі?

Парсюкевіч: “У нас гэта адбываецца вельмі часта, але я не бачыў станоўчага выніку”.

***

Даведка Еўрарадыё: Сяргей Парсюкевіч — маёр міліцыі ў адстаўцы, прадпрымальнік. Быў затрыманы ў студзені 2008 года пасля ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Мінску. У красавіку таго ж года асуджаны за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі на 2,5 гады зняволення. Вызвалены ў жніўні 2008-га па загадзе кіраўніка дзяржавы.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках