24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сотні беларускіх наймітаў ваююць на баку Кадафі

95
Сотні беларускіх наймітаў ваююць на баку Кадафі

Кантынгент беларускіх вайсковых дарадцаў у Лівіі дасягаў да пачатку ваенных дзеянняў 500 чалавек.

Частка з іх, у асноўным высокапастаўленыя вайскоўцы, былі эвакуяваныя з Лівіі на самалётах ў Менск. Пра гэта «Комсомольской правде» афіцыйна паведаміў дарадца амбасады Беларусі ў Трыпалі Георгій Грамыка. Ён жа сказаў, што не ведае дакладнай колькасці грамадзян Беларусі, якія засталіся ў Лівіі. Верагодна, што сярод іх ёсць і вайсковыя спецыялісты.

Як атрымалася высветліць «КП» ад крыніц у штабе мінабароны Беларусі, практыка адпраўлення вайсковых спецыялістаў у Лівію існуе даўно. Частка з іх займаюцца эксплуатацыяй вайсковай тэхнікі, многія выконваюць абавязкі дарадцаў камандзіраў лівійскіх вайсковых частак. Прысутнічаюць у краіне і супрацоўнікі беларускага ДВУ. Большай часткай гэта афіцэры былога 334-га атрада спецназа, дыслакаванага ў Мар'інай Горцы пад Менскам. Але ўсе яны заключалі індывідуальныя кантракты з лівійскімі ўладамі і атрымлівалі фінансаванне менавіта ад іх.

Заробак найміта - 3000 даляраў

«КП» атрымалася датэлефанавацца да аднаго з беларускіх «наймітаў» па тэлефоне з прэфіксам 218 21 (замацаваным за Лівіяй). Афіцэр быў нешматслоўны. У Лівіі ён ужо больш за год. Завербаваўся па кантракце, які ніяк не звязаны з мінабароны ягонай краіны - так бы мовіць, па асабістай ініцыятыве. За свае паслугі войску Джамахірыі атрымлівае амаль 3000 даляраў у месяц. Па словах Міхаіла, як ён прадставіўся, у Лівіі некалькі сотняў вайсковых спецыялістаў з Беларусі. Дарадцы не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць паўстанцаў, але ўвесь час знаходзяцца на баявых пазіцыях. Многія служылі яшчэ ў Афганістане, а потым праходзілі службу ў элітных частках мінабароны Беларусі. Частка афіцэраў навучалася на базе расейскіх падпаддзяленняў спецназа.

- Афіцыйна ў Лівію вайсковыя спецыялісты з Беларусі не накіроўваліся, - распавёў «Камсамолцы» па тэлефоне беларускі вайсковы аташэ ў Трыпалі Ігар Качугін. - Магчыма, што нехта і заключаў кантракты на розныя віды дзейнасці - медыкі, нафтавікі, не выключана, што сярод іх былі і вайсковыя спецыялісты. Але гэта менавіта прыватныя кантракты, якія не маюць да дзяржаўных ніякага дачынення. І мы не маем дакладных звестак аб іх існаванні...

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках