25 снежня 2024, Серада, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бандарэнку адразу пасля аперацыі могуць вярнуць у турму

66
Бандарэнку адразу пасля аперацыі могуць вярнуць у турму

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» прааперавалі ў Менскай клінічнай лякарні № 5.

Аперацыя доўжылася два з паловай гадзіны. «Нейрахірургі сказалі, што ўсё прайшло добра», - паведаміла жонка палітвязня Вольга Бандарэнка. Аднак пакуль яшчэ рана рабіць высновы, паколькі пасля такой аперацыі неабходная рэабілітацыя, як мінімум, некалькі месяцаў.

Тым не менш, існуе пагроза, што ўжо заўтра палітвязня могуць перавесці назад у рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі следчага ізалятара МУС. Безумоўна, умовы ў турэмным шпіталі, дзе няма спецыялістаў-нейрахірургаў, значна горшыя

Вольга Бандарэнка двойчы ўбачыла мужа ў лякарні: на каталцы ў калідоры і ў палаце з-за прачыненых дзвярэй. Каля дзвярэй палаты Зміцера Бандарэнкі дзяжураць тры супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Яму забаронена перадаваць ежу. Ад Вольгі прынялі толькі ваду і прадметы гігіены.

Зміцера Бандарэнку прывезлі на аперацыю ў 5-ю клініку яшчэ 25 ліпеня. Аднак з-за таго, што каля лякарні палітвязня сустракалі калегі, палітыка адправілі назад у СІЗА на Валадарскага. Увечары 25 ліпеня палітвязня вярнулі ў лякарню.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года. Яго, як і многіх актывістаў апазіцыі, затрымалі пасля апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 года і змясцілі ў СІЗА КДБ, дзе ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У красавіку суд прызнаў Бандарэнку вінаватым у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх» і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У маі асуджанага агледзеў лекар-неўролаг, які заявіў, што Бандарэнка мае патрэбу ў аперацыі. У яго - чатыры грыжы дыскаў хрыбетніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў.

У чэрвені стан зняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў медсанчастку, а пасля ў Рэспубліканскую турэмную лякарню. Там Бандарэнку паставілі перад выбарам: адпраўка ў калонію альбо аперацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на аперацыю. Пры гэтым у кансультацыі нейрахірурга асуджанаму было адмоўлена.

У абарону Зміцера Бандарэнкі выступіла амбасада Польшчы, якая старшынюе зараз ў ЕЗ. Яна запатрабавала ад уладаў Беларусі забяспечыць неабходнае лячэнне, медыцынскі агляд і належную рэабілітацыю асуджанаму палітыку. Кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў афіцыйны Менск неадкладна вызваліць Бандарэнку і іншых палітвязняў.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках