26 снежня 2024, Чацвер, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто б параіў ёй заткнуцца?

46
Хто б параіў ёй заткнуцца?

Гэтая віленская спартсменка быццам не ведае, хто самая вялікая пагроза для незалежнасці. Палемізуе Анатоль Сідарэвіч.

Літоўская прэзідэнтка Даля Палікарпаўна Грыбаўскайце выявіла, што частку з дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах, фінансаваў і падтрымліваў Крэмль.

На чым грунтуецца такая выснова?

У 2006 годзе пракрамлёўскім кандыдатам лічылі Аляксандра Казуліна, летась — Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава.

Куды трапіў Казулін і хто яго вызваліў? Крэмль?

Дзе сядзіць Саннікаў і хто за яго змагаецца? Крэмль?

(Уладзімір Някляеў не за кратамі толькі таму, што яму не далі дайсці да Плошчы.)

Яшчэ адзін перл ад разумніцы Далі: частка прадстаўнікоў беларускай апазіцыі амаль не кажуць пра незалежнасць краіны, а проста імкнуцца атрымаць больш грошай.

Гэтая віленская спартсменка быццам не ведае, што самай вялікай пагрозай для незалежнасці Беларусі з’яўляецца спартсмен з-пад Шклова, які аднаго разу сказаў, што Беларусь для яго — пройдзены этап і мерыўся засесці ў Крамлі. Быццам не бачыла па тэлебачанні, што многія дзясяткі тысяч беларусаў ў 1996 годзе і пазней выйшлі на вуліцы, каб бараніць незалежнасць краіны. Быццам не чула, што тысячы былі за гэта кінутыя за краты, аштрафаваныя, пазбаўленыя права на працу і вучобу.

Ствараецца ўражанне, што кіраўніца літоўскай дзяржавы папросту рэтранслюе свайго сябра з Менска.

Пра тое, што прадстаўнікі імкнуцца атрымаць больш грошай, кажа і ён. І ён пасля падзей 19 снежня шукаў «маскоўскі след» і вылічваў у шэрагах апазіцыі агентаў Крамля.

І самае агіднае. Для віленскай разумніцы незалежнасць Беларусі каштоўная не сама па сабе, а толькі таму, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Літвы. З гэтага выказвання можна зрабіць выснову, што галоўны чыноўнік Беларусі, які міжволі мусіў стаць незалежнікам, — абаронца інтарэсаў Літвы. Што называецца, прыплылі.

У свой час кароль Іспаніі Хуан Карлас на цалкам афіцыйнай сустрэчы рытарычна спытаўся ў Уга Чавэса: ці не заткнуўся б ты?

Хто параіць заткнуцца Далі Палікарпаўне Грыбаўскайце?

Анатоль Сідарэвіч, «Наша Ніва»

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках