Дакументы «Белтэхэкспарта» знайшлі ў будынку разведкі Лівіі (Фота)
96- 2.09.2011, 14:34
Атрымліваецца, што Беларусь пастаўляла зброю рэжыму Кадафі.
Лівійскія паўстанцы дазволілі рэпарцёрам наведаць будынак лівійскай разведкі. Будынак ахоўваюць аўтаматчыкі, але архівамі спецслужбаў пакуль ніхто не займаецца.
НАТА разбамбілі офіс у маі, пасля гэтага ён мала выкарыстоўваўся. Тым не менш, у ім засталіся захоўвацца матэрыялы лівійскай дзяржбяспекі, у тым ліку сакрэтныя. З іх вынікае, што кадафісты слаба разумелі, хто кіруе паўстаннем. Унутраныя рапарты сведчаць: па меры нарастання пратэстаў расла і разгубленасць спецслужбаў, паведамляе «Наша Ніва».
Аўтары аналітычных запісак з лівійскай спецслужбы самі прызнаюць свой нізкі патэнцыял, адсутнасць кваліфікаваных спецыялістаў.
Многія аналітычныя дакументы падмяняюць інфармацыю прапагандай: спецслужбісты недаацэньвалі лідэраў паўстання.
Як і дзяржаўныя СМІ Лівіі, яны малявалі іх алкаголікамі, фанатыкамі ці маргіналамі. Аднак па меры таго, як паўстанне распаўсюджвалася, у спецслужбах нарастаў неспакой.
Яны праслухоўвалі тэлефонныя размовы кіраўнікоў паўстання, але не маглі зразумець сэнс кодавых словаў у іхніх размовах.
Яны не былі здольныя сабраць інфармацыю пра сілы, што паўсталі ў ключавых пунктах. Перахаплялі мэйлы кіраўніцтва Часовага пераходнага савета, але гэтыя звесткі ніяк ім не дапамагалі. У іх былі агенты ўнутры паўстанцкага руху, але яны працавалі за грошы, а не за сумленне, і таму перадавалі хібную альбо няважную інфармацыю, вымагаючы шалёныя ганарары.
У той жа час, можна выказаць здагадку, што гэта кадафісты арганізавалі забойства кіраўніка узброеных сіл паўстанцаў - міністра ўнутраных справаў, які перайшоў на бок праціўнікаў Кадафі. Мэтай аперацыі было пасеяць недавер і варожасць паміж лідэрамі апазіцыі.
Што цікава, на фотаздымкі сусветных агенцтваў патрапілі і каталог беларускага экспарцёра ўзбраенняў «Белтэхэкспарт».
Гэтая кампанія на чале з Уладзімірам Пяфціевым, нагадаем, патрапіла пад санкцыі Еўразвяза.


