24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Скрыпка спеў «Краіну мрой» па-беларуску (Аудыё)

24
Алег Скрыпка спеў «Краіну мрой» па-беларуску (Аудыё)

Украінскі гурт «Воплі Відаплясава» запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую вэрсію аднаго з сваіх галоўных гітоў.

«Краіну мрой» на беларускую мову пераасэнсаваў Андрэй Хадановіч. Алег Скрыпка назваў пераклад бездакорным і зь вялікім задавальненьнем засьпяваў па-беларуску. І ня толькі таму што зь вялікай павагай ставіцца да нашай краіны. Лідэр ВВ зусім нядаўна высьветліў, што ён на чвэрць беларус, паведамляе Tuzin.fm.

Алег Скрыпка вырашыў перасьпяваць для праекту песьню «Країна мрій» з аднайменнага альбома гурта «Воплі Відаплясава», які быў запісаны ў 1994 годзе, калі Скрыпка стала жыў у Францыі. Алег палічыў, што гэтая песьня найбольш пасуе для гэтага праекту і для Беларусі наогул. «І я асабіста, і ўвесь наш калектыў шчыра любім Беларусь і вельмі цэнім тое, што беларусы застаюцца такімі тонкімі і душэўнымі, не зважаючы на часовыя цяжкасьці. Падобная публіка ёсьць хіба што яшчэ ў Японіі — яна слухае і размаўляе сэрцам. Гэты стан і быў апісаны ў абраным творы».

Лідэр ВВ зусім нядаўна высьветліў, што ён на чвэрць беларус. Дазнаўся пра тое ад свайго бацькі, які распавёў гісторыю яго бабулі. «Мая бабуля, у дзявоцтве Кацярына Мужанава, нарадзілася на Палтаўшчыне, на хутары Сінякіўшчына. Пры канцы XIX стагодзьдзя да тамтэйшага пана прыехаў пан зь Беларусі, сябра яго. Гралі яны ў карты і беларус прайграў столькі, колькі ня меў пры сабе. У якасьці гарантыі вяртаньня пазыкі ён пакінуў там свайго памочніка па гаспадарчай частцы. Вярнуўся беларускі пан праз год, вярнуў грошы, але памочніка не забраў. Той ужо атабарыўся на хутары, завёў сям’ю. І пан даў дазвол на тое, каб ён застаўся. Прозьвішча яго было Мужанаў. У яго было чатыры сыны. Унучкай гэтага памочніка якраз і была мая бабуля».

Алег заўжды цікавіўся тым, што адбываецца ў суседняй Беларусі. Зь беларускімі культурнымі дасягненьнямі ён знаёміцца бліжэй на фэстывалі «Країна мрій», які ладзіць штогод на Купальле ў цэнтральным парку Кіева. На яго запрашэньне там выступалі такія гурты, як этна-трыё «Троіца», «Палац», «Стары Ольса», Uria, Testamentum Terrae, «Альтанка». «Беларускія гурты ўдала спалучаюць рок з этнікай, часта яны куды цікавейшыя за ўкраінскіх калег у пляне галасавой падачы», — разважае Алег і зазначае, што беларусы заўжды добра гучаць дзякуючы моцным музыкам і высокай працаздольнасьці. Ёсьць у беларускіх камандаў яшчэ адна рыса, якая моцна падабаецца Скрыпку: «У вашых артыстаў мне заўжды імпанавала шляхетнасьць, якую так доўга выбівалі з украінскай культуры, у выніку чаго сучасныя ўкраінскія музыкі не адчуваюць арыстакратычнасьці, годнасьці і глыбіні народнай музыкі. А ў беларусаў з гэтым усё ў парадку».

За пераклад на беларускую мову «Краіны мрій» узяўся Андрэй Хадановіч, які называе сябе «адданым фэнам ВВ»: «Гэту песьню я ведаю даўно і даўно яе люблю, для мяне яна зьяўляецца культавай, — кажа паэт. — Таму пры перакладзе ставіўся да яе амаль як да клясыкі, намагаўся быць як мага бліжэй да арыгінальнага тэксту, праверанага часам. Спадзяюся, што не нашкодзіў тэксту і ён належным чынам загучаў у беларускім кантэксьце».

Скрыпка адразу ўпадабаў пераклад Хадановіча. «У такіх выпадках існуе тры правілы — захаваньне сэнсу, рытмічнага малюнку і каб фанэтычна было зручна сьпяваць. Пераклад Андрэя атрымаўся бездакорным. Бачна, што чалавек таленавіты і добра разьбіраецца ў музыцы».

Лідэр ВВ мае перакананасьць, што самыя цікавыя культурныя праекты ва Ўкраіне і Беларусі сёньня зьвязаны менавіта з роднай мовай. На думку музыкі, цяперашняя татальная глябалізацыя ўяўляе зь сябе бездань, у якой вельмі проста распусціцца ды страціць сябе, стаўшы проста пенай. «Толькі родная мова, родная культура дазволяць захаваць сябе, узбагаціць сваю творчасьць, напоўніць яе сэнсам. Недастаткова проста сачыняць добрую музыку ці нешта яшчэ — важны зьмест таго, чым ты займаесься. Несьці сваю мову ў цэлы сьвет — гэта высокая місія, вартая самых лепшых людзей краіны», — сьцьвярджае Алег.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках