23 лiстапада 2024, Субота, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутаты Сейма Польшчы: Лукашэнка не прэзідэнт, а тыран і дэспат

60
Дэпутаты Сейма Польшчы: Лукашэнка не прэзідэнт, а тыран і дэспат

У Еўропе няма месца для ГУЛАГу, заявілі дэпутаты Сейма Польшчы.

27 студзеня ў Варшаве адбылася прэзентацыя афіцыйнай заявы дэпутатаў польскага Сейма аб вылучэнні на Нобелеўскую прэмію міру беларускага праваабаронца Алеся Бяляцкага.

Сабраныя подпісы прадставіў дэпутат Анджэй Халіцкі з кіруючай партыі «Грамадзянская плятформа», які адначасова з'яўляецца віцэ-спікерам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Ён адзначыў, што вылучэнне Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру - гэта знак салідарнасці з ім не толькі Польшчы, але і ўсёй Еўропы, паколькі пад заявай стаяць подпісы парламентарыяў з 27 краін, якія ўваходзяць у Раду Еўропы.

Халіцкі таксама падкрэсліў, што цяпер нідзе ў Еўропе няма такой дрэннай сітуацыі як у Беларусі, дзе за кратамі знаходзяцца палітычныя зняволеныя, а людзей прысуджаюць да смяротнага пакарання на сумнеўных судовых працэсах.

«У Еўропе няма месца для ГУЛАГу. Абавязак кожнага дэмакрата і еўрапейца змагацца супраць таго, што адбываецца цяпер у Беларусі, не заставацца абыякавым, калі мы маем ГУЛАГ у Еўропе», - сказаў Халіцкі.

Томаш Пісула, кіраўнік фонду «Свабода і дэмакратыя», які з'яўляецца аўтарам ідэі вылучэння беларускага праваабаронца на прэмію польскімі дэпутатамі, распавёў таксама аб сітуацыі з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым. Ён адзначыў, што палітвязень падвяргаецца катаванням і ягонаму жыццю пагражае небяспека. Праваабаронца звярнуўся непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі, па-расейску:

«Лукашенко, мы все знаем, что ты уже проиграл. Освободи всех политзаключенных, пока еще есть время!».

Дэпутаты ад партыі «Права і справядлівасць» сабралі каля 150 подпісаў у падтрымку кандыдатуры Алеся Бяляцкага, паведаміў дэпутат Адам Ліпінскі і заўважыў, што гэта толькі малы крок польскай палітыкі ў справе Беларусі.

- Няшмат цяпер адбываецца ў польскай палітыцы ў дачыненні да Усходу. Калі ва ўладзе была партыя «Права і справядлівасьць», то мы выступілі з шэрагам ініцыятываў, большасць з якіх дзейнічаюць і па сённяшні дзень. У палітыцы ў дачыненні да Лукашэнкі трэба рабіць сваё.

На адмысловую прэс-канферэнцыю ў Сейм была запрошаная і вядомая журналістка, рэдактарка ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна, якая ад імя беларусаў падзякавала палякам за падтрымку:

«Дзякуй, што вы памятаеце ідэалы «Салідарнасці». Тое, што Польшча вылучае Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію - гэта вельмі важна, паколькі гэта не толькі прызнанне ягоных заслуг. Алесь Бяляцкі сапраўды заслугоўвае гэтай прэміі ўсёй сваёй шматгадовай праваабарончай дзейнасцю. Прэмія - гэта таксама вельмі вялікая падтрымка ўсяму беларускаму народу, таму што яна натхніла б беларусаў і дала б ім зразумець, што на самой справе людзі, якія змагаюцца за свабоду, прызнаныя ўсім светам і яны маюць рацыю, гісторыя на іхнім баку. Сёння мы ўсе разам павінныя ратаваць палітвязняў: Андрэя Саннікава, Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Зміцера Бандарэнку, Зміцера Дашкевіча, усіх, хто цяпер за кратамі. Іх катуюць у турмах і іхняе жыццё ў небяспецы».

Напрыканцы прэзентацыі Анджэй Халіцкі заявіў:

«Той, хто кінуў за краты сваіх палітычных праціўнікаў, таму што хацеў выйграць выбары, на самой справе іх не выйграў. Ён не можа называцца прэзідэнтам, таму што абраў іншую ролю - тырана і дэспата, і так яго трэба называць».

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках