Майра Мора: У Беларусі ёсць шанец вызваліць кантынент ад смяротнага пакарання
17- 10.10.2012, 10:50
У снежні 2012 года 67-ая Генеральная асамблея ААН правядзе галасаванне па рэзалюцыі аб мараторыі на смяротнае пакаранне.
10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання.
Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі Майра Мора заяўляе, што адмена смяротнага пакарання ва ўсім свеце - прыярытэт для ЕЗ, піша TUT.BY.
«Смяротнае пакаранне жорсткае і бесчалавечнае. Нішто не сведчыць пра тое, што яно стрымлівае злачыннасць. Еўрапейскі звяз рашуча выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах і працуе для таго, каб яно было адменена ва ўсім свеце.
Кожны год на працягу апошніх дзесяці гадоў 10 кастрычніка мы адзначаем Сусветны/Еўрапейскі дзень супраць смяротнага пакарання. Як і кожны год, у гэтым годзе Еўрапейскі звяз падводзіць вынікі і вызначае новыя задачы на шляху да адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце. У Плане дзеянняў Еўрапейскага звяза па правах чалавека і дэмакратыі барацьба супраць смяротнага пакарання - важны прыярытэт. Высокі прадстаўнік Эштан згадвае зноў і зноў, што дасягненне адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце - прыярытэт і для яе асабіста.
Больш за дзве трэці краін свету адмянілі смяротнае пакаранне заканадаўча або пакуль толькі на практыцы. Многія адмянілі смяротнае пакаранне цалкам, некаторыя абвясцілі мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці кроку да яго поўнай адмены, а некаторыя адмовіліся ад смяротнага пакарання пакуль дэ-факта. Шэраг краін абмежавалі прымяненне смяротнага пакарання, але важна памятаць аб тым, што многія з гэтых краін пакуль не забяспечваюць выкананне Мінімальных стандартаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, гэта значыць стандартаў абароны праў тых, каму пагражае смяротнае пакаранне, у тым ліку права на справядлівы суд і палажэнні аб прывядзенні смяротнага пакарання ў выкананне спосабам, які зводзіць пакуты да мінімуму. І, вядома, няма патрэбы і казаць пра тое, што ў адносінах да невінаватых - родных і блізкіх асуджаных на смяротнае пакаранне - нельга дапускаць абыходжання, якое пагаршала бы іх пакуты», - адзначыла Майра Мора.
Амбасадар спадзяецца, што Беларусь адмовіцца ад практыкі смяротнага пакарання.
«Беларусі трэба будзе згуляць заключную, канчатковую ролю ў тым, каб кантынент стаў вольным ад смяротнага пакарання. Новы шанец з'явіцца ў бліжэйшы час. У снежні 2012 года шэсцьдзесят сёмая Генеральная асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый правядзе галасаванне па рэзалюцыі аб мараторыі на смяротнае пакаранне.
На працягу гадоў жыцця ў Беларусі я раблюся сведкай дыскусій аб адмене смяротнага пакарання. Такія дыскусіі ідуць пастаянна, хоць яны і не заўсёды прыкметныя. Я часта чую, як людзі з вельмі розным жыццёвым вопытам, узроўнем адукацыі, сямейнай гісторыяй кажуць, што яны пакуль не вызначыліся па пытанню адмены смяротнага пакарання ці што іх погляды змяняюцца ў залежнасці ад той ці іншай гучнай справы. Ці не карысна было б у пошуку адказу прадставіць сябе ў ролі вязня камеры смяротнікаў, у ролі яго (яе) блізкага чалавека, у ролі суддзі падчас абвяшчэння смяротнага прысуду, у ролі выканаўцы гэтага прысуду? Якімі б ні былі меркаванні, ёсць галоўнае пытанне, на якое неабходна адказаць: ці робіцца свет лепш ад таго, што ў ім ёсць смяротнае пакаранне, і ці будзе свет лепш без яго?»- сказала Майра Мора.