Апазіцыя заклікала Саакашвілі сысці
12- 2.10.2012, 17:16
Лідэр кааліцыі «Грузінская мара», якая перамагла на парламенцкіх выбарах, Бідзіна Іванішвілі запатрабаваў адстаўкі Саакашвілі.
«Ён дапусціў вельмі шмат памылак, і, калі ён напіша заяву і сыдзе з пасады, прызначыўшы датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, і будзе абраны новай канстытуцыяй прэм'ер - усё прыйдзе ў норму. У іншым выпадку будзе нямала праблем», - сказаў Бідзіна Іванішвілі ў аўторак на прэс-канферэнцыі ў офісе «Грузінскай мары», перадае «Інтэрфакс».
Раней прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прызнаў паразу сваіх прыхільнікаў на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі напярэдадні.
Ён заявіў, што партыя «Адзіны нацыянальны рух» пераходзіць у апазіцыю.
«У выніку падліку папярэдніх вынікаў парламенцкіх выбараў відавочна, што ў гэтых выбарах перавагі дамаглася кааліцыя «Грузінская мара». Гэта азначае, што новая парламенцкая большасць павінна сфармаваць новы ўрад і прэзідэнт у рамках канстытуцыі будзе спрыяць працэсу пачатку працы парламента, абранню старшыні парламента і фарміраванню новага ўрада», - сказаў Саакашвілі ў відэазвароце да грузінскага народу.