Украіна не збіраецца ў Мытны Саюз
23- 15.11.2012, 9:19
Прыярытэтам для краіны застаецца еўрапейская інтэграцыя.
Пра гэта ў каментары УНІАН сказаў дырэктар Дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.
«Пытанне аб уступленні ў Мытны саюз на сённяшні дзень у парадку дня знешняй палітыкі не стаіць», - сказаў ён. Па словах Валошына, Украіна шукае такую формулу ўзаемадзеяння з Мытным саюзам, якая б дазволіла адстойваць інтарэсы ўкраінскіх экспарцёраў на гэтым вялізным рынку.
Валошын адзначыў, што галоўным прыярытэтам для знешнепалітычнага ведамства сёння з'яўляецца падпісанне пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам. «Штучны ажыятаж вакол выказванняў аб Мытным саюзе лічым абсалютна неапраўданым», - дадаў ён.
Нагадаем, 13 лістапада амбасадар Украіны ў РФ Уладзімір Ельчанка заявіў, што Украіна ў перспектыве можа далучыцца да Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана, калі ў Еўрапейскім Звязе будзе працягвацца эканамічны крызіс.