19 снежня 2024, Чацвер, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ханс-Георг Вік: ЕЗ павінен спыніць гандаль з дыктатарам

81
Ханс-Георг Вік: ЕЗ павінен спыніць гандаль з дыктатарам

Краінам ЕЗ трэба скараціць закупкі нафтапрадуктаў з Беларусі і байкатаваць ЧС па хакеі.

Ханс-Георг Вік (Hans-Georg Wieck) - адзін з найстарэйшых нямецкіх дыпламатаў і дзяржаўных дзеячаў. Ён узначальваў Федэральную выведвальную службу (BND), быў амбасадарам ФРГ у СССР і сталым прадстаўніком пры НАТА. З 1998 па 2001 год узначальваў Кансультатыўна-назіральную групу (КНГ) АБСЕ ў Менску.

Сёння Ханс-Георг Вік кіруе берлінскай асацыяцыяй «Правы чалавека ў Беларусі». У апублікаваным на днях дакладзе гэтай грамадзянскай ініцыятывы змяшчаецца цэлы шэраг рэкамендацый еўрапейскіх лідэраў адносна палітыкі Брусэля ў дачыненні да Менску. У інтэрв'ю Deutsche Welle Вік растлумачыў сутнасць і значэнне вылучаных прапаноў.

- Спадар Вік, Еўразвяз часта папракаюць у тым, што ў яго няма прадуманай і скаардынаванай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

- У Еўразвяза і яго структур ёсць ясныя мэты. ЕЗ хоча, каб у Беларусі, як і ў іншых дзяржавах-нашчадках СССР, выконваліся прынцыпы, пад якімі мы ўсе падпісаліся. Гэта дэмакратыя, рынкавая эканоміка, незалежнае судаводства і, вядома ж, правы кожнага чалавека.

Грамадзянская супольнасць у Беларусі павінна сама вырашыць, у якой краіне яна хоча жыць, а еўрапейцы могуць яе толькі падтрымаць. А вось шляхі дасягнення гэтых мэтаў - праблема. Але ад таго, што іх не атрымалася дасягнуць, самі мэты не становяцца ілжывымі. Трэба мець цярпенне.

- Вы прапануеце арганізаваць у еўрапейскіх краінах цэнтры навучання для студэнтаў і маладых навукоўцаў з Беларусі, дзе яны змогуць азнаёміцца з практыкай дэмакратычнага грамадства. Не трэба быць прарокам, каб прадказаць, што Аляксандр Лукашэнка расцэніць гэта як экспарт рэвалюцыі...

- Лукашэнка заўсёды лічыць, што ўсе вакол робяць і гавораць не тое, і толькі ён адзін заўсёды мае рацыю. Такая яго натура. Не мне судзіць, ці няма тут паталогіі. Але на гэта не трэба звяртаць увагі.

- Цяпер пяройдзем да другіх вашых рэкамендацый еўрапейскім палітыкам. Вы патрабуеце адмяніць візавы рэжым для грамадзян Беларусі. Пытанне на парадку дня ўжо шмат гадоў, і не толькі для Беларусі, але і для Расеі і Украіны. Кіеў нават выдаў аванс: грамадзяне ЕЗ без усялякіх віз і абмежаванняў ездзяць на Украіну. Але краіны Шэнгенскай зоны не адказалі ўкраінцам узаемнасцю...

- Пачнем з таго, што цяпер у Менску атрымаць шэнгенскую візу значна прасцей, чым раней. А на поўную адмену віз Еўразвяз не ідзе з меркаванняў бяспекі. Саміх беларусаў ніхто не баіцца, але ёсць небяспека, што Беларусь стане транзітнай краінай для злачыннага свету. Пытанне трэба зноў і зноў ставіць на парадак дня. Еўразвяз прапануе Менску перамовы аб візах, але ў Менску ніяк на гэта не рэагуюць.

- Цяпер аб чэмпіянаце свету па хакеі, які павінен прайсці ў Менску ў 2014 годзе. Вы заклікаеце яго байкатаваць Але ж гэты турнір - яшчэ і магчымасць для беларусаў напрамую сустрэцца з заходнімі заўзятарамі, гэта наплыў журналістаў з усяго свету ў краіну...

- Глядзіце, Лукашэнка - вялікі аматар хакея і актыўны гулец, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах, якія ён жа сам і ладзіць. Для яго першынство свету па хакеі - магчымасць для самасцвярджэння.

У гісторыі ёсць яркія прыклады, калі дыктатары выкарыстоўвалі спартыўныя святы, каб прадэманстраваць, што ўвесь свет перад імі схіляецца. Дастаткова ўспомніць Алімпіяду ў Берліне ў 1936 годзе.

Байкот чэмпіянату свету ў Менску балюча ўдарыў бы па Лукашэнку. Людзі б убачылі, што ён пазбавіў іх свята. Але Міжнародная федэрацыя хакея выступае за правядзенне турніру ў беларускай сталіцы. Пытанне спрэчнае, яно не знятае з парадку дня.

- Вы таксама прапануеце Еўразвязу скараціць ці ўвогуле спыніць закупкі нафтапрадуктаў з Беларусі. Але хто больш пацерпіць ад такіх санкцый: рэжым ці насельніцтва?

- Усё пацерпяць. Пакуль санкцыі накладзеныя толькі на фірмы, на чале якіх людзі з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Санкцыі абцяжарваюць ім займацца іх больш ці менш цёмнымі справамі. Але рэжым Лукашэнкі субсідуе Расея льготнымі пастаўкамі нафты.

- Але менавіта тут і загваздка. Пакуль Беларусь можа прапаноўваць нафтапрадукты на еўрапейскім рынку па такiх самых коштах, тут знойдуцца і пакупнікі. Але варта Маскве выставіць Менску рэальныя кошты на нафту, і Лукашэнка згалее. Вам не здаецца, што ключ да вырашэння гэтай праблемы ляжыць у Маскве?

- Расея ідзе на льготныя пастаўкі, каб прывязаць Беларусь да сябе. Але ўступленне ў СГА абавязвае Расею ўніфікаваць кошты на ўнутраным і знешнім рынках. Так што ўжо ў бліжэйшы час Масква не зможа выкарыстаць кошт на нафту як палітычны рычаг ў адносінах з Менскам.

- Вы даўно займаецеся Беларуссю. Вас не ахоплівае пачуццё бездапаможнасці ад таго, што за столькі гадоў нічога там не змяняецца, а калі змяняецца, то ў горшы бок?

- Калі якому-небудзь клану, рэжыму ўдалося захапіць практычна непадзельную ўладу ў краіне, то яны могуць гадамі і дзесяцігоддзямі запалохваць і душыць насельніцтва. Але рана ці позна негатыўныя бакі аўтарытарных рэжымаў перавешваюць. Я за сваё доўгае жыццё стаў сведкам краху многіх аўтарытарных рэжымаў. Адкрытыя грамадствы могуць перажываць крызісныя перыяды, але яны з імі спраўляюцца. Аўтарытарныя рэжымы асуджаныя на крах.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках