Алкаеў у Менску сустракаўся з новымі сведкамі «па справе зніклых» (Відэа)
134- 4.12.2012, 12:58
Былы начальнік СІЗА № 1 Менска Алег Алкаеў таемна пабываў у Беларусі ў сярэдзіне лістапада.
Палкоўнік Алег Алкаеў, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» пацвердзіў charter97.org, што нелегальна прыязджаў у Менск у сярэдзіне лістапада.
«Ездзіў, каб сустрэцца з новымі сведкамі злачынстваў і забраць са сваіх архіваў некаторыя матэрыялы, якія маюць дачыненне да выкраданняў і забойстваў. З некаторымі сустрэцца атрымалася, з некаторымі не. У цэлым, тыя задачы якія я меў перад сабой, былі выкананыя. Калі б было больш часу, то атрымалася б зрабіць больш. Але для працягу расследавання дастаткова і таго што ўдалося зрабіць», распавёў палкоўнік у каментары charter97.org.
На відэа, якое ў сваё распараджэнне атрымала рэдакцыя charter97.org, відаць, што адзін з ключавых сведак па справе аб знікненні апанентаў Лукашэнкі ў канцы 90-х, які пасля сваіх прызнанняў вымушаны быў пакінуць Беларусь і атрымаць палітычны прытулак у Германіі, едзе ў аўтамабілі па праспекце Незалежнасці.
Нагадаем, у 1999 годзе зніклі без вестак выконваючы абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі і былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка. Пазней знік журналіст Зміцер Завадскі. Пасля былі апублікаваныя дакументы, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці», загады якога аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны.