25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Глабальны марафон у падтрымку Бяляцкага

8
Глабальны марафон у падтрымку Бяляцкага

Глабальную акцыю ў падтрымку палітвязня, старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна», пачынае праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Міжнародны марафон па напісанні лістоў Amnesty International пройдзе з 7 па 16 снежня пад лозунгам «Пішам за правы! Даб'ёмся перамен!». Каб прыняць удзел у марафоне, кожны жадаючы можа спампаваць паштоўку для Алеся Бяляцкага (на сайце арганізацыі яна ёсць на пяці мовах - англійскай, іспанскай, рускай, французскай, арабскай), раздрукаваць і адправіць палітвязню, піша ПЦ «Вясна».

Відэа, у якім распавядаецца пра беларускіх праваабаронцаў, пазбаўленых волі за сваю дзейнасць, перакладзена на 11 моў.

Акрамя таго, Amnesty International заклікае ўдзельнікаў марафону падпісацца пад пэтыцыяй, адрасаванай беларускім уладам, азнаёміўшыся перад гэтым з гісторыяй Алеся Бяляцкага:

«Алесь Бяляцкі - бачны праваабаронца з Беларусі і старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна». Яго арыштавалі 4 жніўня 2011 года, а 24 лістапада 2011 года Алеся Бяляцкага прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Amnesty International мяркуе, што яго кінулі ў турму, каб перашкодзіць яму абараняць правы чалавека, і лічыць яго вязнем сумлення.

Алеся Бяляцкага пазбавілі волі за тое, што яго асабістыя банкаўскія рахункі ў Літве і Польшчы выкарыстоўваліся для фінансавання праваабарончай дзейнасці яго арганізацыі ў Беларусі. Беларускія ўлады з 2003 года адмаўляюць Праваабарончаму цэнтру «Вясна» ў рэгістрацыі. У выніку гэтая арганізацыя не мае права адкрыць уласны банкаўскі рахунак у Беларусі, і ёй нічога не застаецца, акрамя як карыстацца банкаўскімі рахункамі ў суседніх краінах для фінансавання сваёй праваабарончай дзейнасці.

Суд над Алесем Бяляцкім не быў справядлівым. Шэраг прадстаўленых доказаў не праходзілі праверку на сапраўднасць, а некаторыя паказанні даваліся ананімна. Пытанні, зададзеныя сведкам, у пэўных выпадках мелі дачыненне не да вылучаных абвінавачванняў, а да праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага і саміх сведак.

Выкажыце салідарнасць з Алесем Бяляцкім, напісаўшы ўладам Беларусі ліст у яго падтрымку!»

Міжнародны Марафон па напісанні лістоў - штогадовая праваабарончая акцыя Amnesty International, якая праходзіць па ўсім свеце ў снежні. Марафон прымеркаваны да Дня праў чалавека 10 снежня - менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю праў чалавека. Кожны год у гэты час сотні тысяч людзей з розных краін выступаюць у абарону тых, чые правы сур'ёзна парушаюцца ўладамі.

Цяперашнім марафонам Amnesty International прыцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці да лёсаў чатырох чалавек - беларускага праваабаронцы-вязня сумлення Алеся Бяляцкага, Хусэйна Салема Махамеда Альмерфедзі, які з 2003 года ўтрымліваецца на ваенна-марской базе ЗША ў Гуантанама-Бі, Чыоў Хо-Шунь, які з 1989 года знаходзіцца ў тайваньскай камеры смяротнікаў, іранскай праваабаронцы Наргез Махамадзі, прысуджанай да 6 гадоў пазбаўлення волі, а таксама суданскай моладзевай арганізацыі «Гірыфна» («З нас хопіць!»), сябры якой пераследуюцца з 2009 года. Пра іх гісторыі можна даведацца на сайце арганізацыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках