2 траўня 2024, Чацвер, 22:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот вызваліць палітвязняў

106
Байкот вызваліць палітвязняў

Ініцыятыўная група па правядзенні кампаніі байкоту заклікала беларусаў не прымаць удзелу ў «парламенцкіх выбарах».

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы - лідэр прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік «Беларускага руху» Віктар Івашкевіч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень, прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў, адзін з лідэраў Рады беларускай інтэлігенцыі Аляксей Марачкін і магілёўскі каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Віктар Болдзін - правялі 2 лютага прэс-канферэнцыю ў Менску.

Яны заявілі, што нельга прымаць удзел у выбарах, калі ў турмах знаходзяцца палітвязні. Прыхільнікі байкоту не бачаць магчымасці ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў і зняцці кандыдатаў за некалькі дзён да галасавання, бо гэтым даюць магчымасць уладам трымаць палітвязняў за кратамі. Толькі пратэсты, байкот з сённяшняга дня і заклік не прымаць удзелу ў выбарах могуць паўплываць на тое, што ўлады выпусцяць палітвязняў.

«Выклікае здзіўленне намер некаторых палітыкаў адкласці пытанне аб байкоце на восень. Гэта аўтаматычна дае рэжыму карт-бланш на ўтрыманне палітвязняў да верасня. Узнікае пытанне, калі яны казалі праўду: тады або сёння, калі збіраюцца ўдзельнічаць у тым, чаго на іхнюю думку няма.

На сёння ёсць каардынатары кампаніі ва ўсіх абласцях і 15 найбуйных гарадах. На іхнюю думку, на байкот наладжаныя большасць актывістаў і каардынатараў дэмакратычных арганізацый на месцах. Таму мы не хочам губляць час і пачынаем кампанію актыўнага і шырокага байкоту ўжо сёння, не чакаючы дазволу Ярмошынай», - заявіў Віктар Івашкевіч.

Аляксей Марачкін выступіў як прадстаўнік Рады беларускай інтэлігенцыі, якая падтрымала ідэю байкоту. У пятніцу будзе прыняты зварот гэтай арганізацыі.

Генадзь Фядыніч, які пазаўчора стаў віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі незалежных прафсаюзаў, заявіў, што выступае за байкот выбараў у «палату», якая не прадстаўляе сваіх выбаршчыкаў. Ён распавёў аб сваім досведзе вылучэння ў «парламент», калі прадстаўнік адміністрацыі наўпрост казаў, што колькі б за яго ні прагаласавалі, максімум, што яму могуць «намаляваць», гэта 12%. Акрамя таго, Фядыніч зачытаў дадзеныя сацапытанняў, праведзеных незалежнымі прафсаюзамі ў верасні 2010 года, якія сведчаць аб тым, што каля дзвюх трацін беларусаў лічаць, што выбары ў «парламент» фальсіфікуюцца ў той ці іншай ступені і не звязваюць з імі ніякіх надзей.

Магілёўскі каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Віктар Болдзін заявіў: «Сёння простаму народу гэтыя выбары нецікавыя. Большасць актывістаў партыйных і грамадскіх арганізацый схіляюцца да байкоту. Невыразная, непаслядоўная пазіцыя партыйных лідэраў выклікае ў іх неразуменне і раздражненне».

«Сёння размова аб «парламенцкіх выбарах» у прынцыпе недарэчная. У Беларусі да гэтага часу не праведзены прэзідэнцкія выбары, улада паказала, што яна не ў стане праводзіць нармальныя выбары. Удзел у «парламенцкіх выбарах», калі ў турмах знаходзяцца сапраўдныя лідэры, самыя папулярныя палітыкі, за якіх аддалі галасы мільёны беларусаў, амаральны і недапушчальны.

Кампанія байкоту не зводзіцца толькі да байкоту парламенцкіх выбараў. Мы выступаем за шырокі байкот рэжыму. Упэўнены, што да нас далучацца ўсе здаровыя сілы, якія арыентуюцца на беларускі народ і дзейнічаюць у інтарэсах Беларусі», - заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў.

Заяву аб байкоце раней падпісала ініцыятыўная група ў складзе Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Казуліна, Віктара Івашкевіча, Яўгена Афнагеля і Паўла Марыніча. Яе падтрымалі з'езд стваранай Партыі БХД, КХП БНФ, ініцыятыва «Вызваленне», Каардынацыйная рада народных сходаў, «Беларускі Рух», кааліцыя «Спадчына».

На прэс-канферэнцыі таксама быў распаўсюджаны зварот да беларусаў:

Паважаныя суграмадзяне!

У канцы 2010 года Лукашэнка абяцаў нам: стабільнасць курсу беларускага рубля, абсалютную захаванасць прыватных укладаў, дасяжнасць банкаўскага крэдыту, сталы рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўную і своечасовую выплату, разняволенне нацыянальнага прадпрымальніцтва, рэалізацыю магутных інвестыцыйных праектаў, з'яўленне новых галін. Ён абяцаў, што Беларусь будзе дзяржавай, дзе камфортна і бяспечна жыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнасці, поглядаў і рэлігіі.

Што мы маем усяго праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў?

Курс даляра вырас амаль у тры разы. Людзі могуць цяпер купляць замежную валюту толькі па пашпарце. Кошты за год выраслі амаль удвая. Гэта самы высокі паказчык інфляцыі ў Еўропе і СНД. Сярэдняя заработная плата ўпала ў два разы - ніжэй за ўзровень Кыргызстана, Малдовы, Арменіі і Азербайджана. У паўтара разы ніжэй стаў памер пенсіі.

Эканамічны крызіс прывёў да таго, што беларусы бягуць з краіны. Працоўная міграцыя з Беларусі ацэньваецца як мінімум у адзін мільён чалавек. Гэта актыўныя людзі працаздольнага ўзросту, кваліфікаваныя спецыялісты - лекары, інжынеры, біёлагі, будаўнікі. Замест іх у нашую краіну прыязджаюць працоўныя мігранты нізкай кваліфікацыі з Малдовы, Кыргызстана, Таджыкістана і Кітая. Без перабольшання ўзнікае небяспека, што беларусы стануць меншасцю ў сваёй краіне.

Замест стабільнай і камфортнай краіны мы атрымалі міліцэйскае і чынавенскае бязмежжа, тэрарыстычную пагрозу і беднасць.

Нам кажуць, што Беларусь у коле ворагаў, што эканамічныя цяжкасці ўзнікаюць з-за знешняга ціску. На самой справе Улада набірае мільярдныя крэдыты, атрымлівае мільярды даляраў ад прыватызацыі прадпрыемстваў, ад паставак расейскіх энергарэсурсаў па ільготных коштах і ад гандлю з Еўропай. У той жа час 67% беларусаў афіцыйна адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных і жывуць у нястачы. Працягваюць расці кошты на прадукты, бензін, паслугі ЖКГ. У 21-м стагоддзі больш за 80% сваіх прыбыткаў беларусы змушаныя выдаткоўваць на прадукты харчавання, г.зн. працаваць за ежу!

Дзе нашыя грошы, Саша?!

У нас ёсць усе магчымасці стаць развітой еўрапейскай краінай. Высокі ўзровень прафесійнай адукацыі, геаграфічная блізкасць да ўнутранага рынку ЕЗ, добрыя ўмовы доступу на рынак РФ, транспартная інфраструктура і прамысловая база, што засталася ў добрым стане, робяць Беларусь прывабнай для расейскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх інвестыцый. Дзеля таго, каб беларуская эканоміка пачала інтэнсіўна развівацца, а беларусы сталі жыць лепей, неабходна:

1. аднавіць давер да ўладаў з боку беларускіх грамадзянаў і замежных эканамічных партнёраў - вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў, вярнуць ім грамадзянскія правы, абраць на вольных выбарах новага прэзідэнта, новы парламент і новых кіраўнікоў усіх узроўняў

2. стварыць прывабныя ўмовы для вяртання эканамічных эмігрантаў і палепшыць інвестыцыйны клімат і імідж Беларусі - адмяніць прымусовыя кароткачасовыя працоўныя кантракты, знізіць высокія стаўкі падаткаў, прыбраць бюракратычныя бар'еры на шляху ініцыятывы прадпрымальнікаў, даць ім магчымасць бесперашкодна ствараць новыя працоўныя месцы

3. спыніць рост коштаў і індэксаваць банкаўскія ўклады насельніцтва прапарцыйна рабаўніцкай дэвальвацыі - правесці рынкавыя рэформы і шырокамаштабную прыватызацыю з удзелам фірм, якія могуць прынесці перадавыя тэхналогіі, не парушаючы інтарэсы працаўнікоў.

4. павысіць заробкі, пенсіі, стыпендыі і адрасныя грашовыя выплаты да ўзроўню еўрапейскіх краін, для чаго неабходна ў некалькі разоў павысіць прадукцыйнасць працы.

Але замест правядзення рэформаў, улады развязалі масавыя рэпрэсіі супраць тых людзей, якія ведаюць, як развіваць беларускую эканоміку, спыніць крадзёж і хлусню на дзяржаўным узроўні, аднавіць законнасць у краіне і наладзіць нармальныя адносіны з Еўропай, Расеяй і астатнім светам. Кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і яшчэ 15 чалавек па гэты дзень знаходзяцца за кратамі. Дыктатар атачыў сябе шматлікай аховай, максімальна раздзьмуў штаты міліцыі і бюракратыі.

Лукашэнка і ягоная кампанія не жадаюць і не ўмеюць працаваць у сучасных умовах, яны толькі могуць чапляючыся за ўладу. Пры іх мы заўсёды будзем «жыць дрэнна, але нядоўга».

Увосень Лукашэнкі і ягоныя адкрытыя прыслужнікі паспрабуюць загнаць нас пагрозамі на новыя «выбары», дзе ўсё загадзя ўжо перадвырашана. Нам усім вядома, што ў нас няма рэальнага падліку галасоў і ўсё фальсіфікуюцца. На выбары, якіх няма, нас будуць клікаць таемныя прыслужнікі Лукашэнкі з «апазіцыі» і «незалежныя кандыдаты».

Прыйшоў час паказаць нахабным уладам, што мы не бяздумны і пакорлівы статак.

Народны байкот выбарчага фарсу стане фактычным рэферэндумам аб недаверы Лукашэнку і першым крокам да адхілення дыктатара ад улады. Распаўсюджвайце гэты зварот сярод усіх вашых сяброў, знаёмых, суседзяў і калег па працы. Кожны, хто хоча актыўна ўключыцца ў інфармаванне людзей і ў падрыхтоўку незалежнага назірання на выбарчых участках, звяртайцеся да прадстаўнікоў кампаніі «Народны байкот» і кампаніі «За справядлівыя выбары».

Народны байкот рэжыму - вольная Беларусь народу!

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках