Польскіх памежнікаў закідалі камянямі на мяжы з Беларуссю
4- 2.05.2024, 21:25
- 5,320
Памежнікаў атакавалі нелегальныя мігранты.
Супрацоўнікі памежнай службы Польшчы двойчы за мінулы дзень пацярпелі ад нападу на мяжы з Беларуссю, паведамляе прэс-служба ўстановы.
Напады на супрацоўнікаў Падляскага аддзялення памежнай службы адбыліся 1 траўня. «Падчас аднаго з нападаў афіцэру памежнай службы ўдарылі каменем па твары, яму спатрэбілася медыцынская дапамога», – гаворыцца ў паведамленні.
Яшчэ адзін удар каменем па твары атрымаў польскі вайсковец падчас іншага інцыдэнту.
Пры гэтым у той дзень польская памежная служба зафіксавала 113 спробаў нелегальнага пранікнення ў Польшчу з боку Беларусі.
У чэрвені 2023 года польскія памежнікі былі абстраляныя з беларускага боку. Палкоўнік памежнай службы Польшчы Аркадыюш Тыванюк сказаў, што невядома, хто і з чаго страляў у польскіх афіцэраў.
Тыванюк удакладніў, што абстраляць памежнікаў маглі мігранты, якія размясціліся побач з польскай мяжой. Ён адзначыў, што з лагеру бежанцаў практычна штодзень ляцяць камяні ў бок польскіх службоўцаў.