7 траўня 2024, aўторак, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лахатрон» ад МММ ўжо ў Менску

61
«Лахатрон» ад МММ ўжо ў Менску

Паслядоўнікі Маўродзі адкрылі офіс піраміды «МММ-2011» у Менску.

Дзяржкантроль разводзіць рукамі: усё пракантраляваць немагчыма, перадае «Еўрарадыё».

«Прадпрымальніцкай дзейнасці не адбываецца, ніякіх грошай мы не бярэм. Людзі прыходзяць пракансультавацца адносна відаў інвестыцый. Калі ў чалавека ёсць праблемы з кампутарам, ён можа скарыстацца ім на месцы», - распавядае кіраўнік звяна «МММ-курс» у Беларусі Аляксей Саладун.

А калі журналісты паставілі пад сумнеў законнасць такой піраміды, яе ўдзельнікі пачалі спасылацца на... рашэнне Валгаградскага суду!

«Ёсць рашэнне Валгаградскага суду па позвах, якія былі да новай піраміды Маўродзі. Калі тут і будуць нейкія праблемы, то аналагічныя. Мы ўжо кансультаваліся з юрыстамі», - кажа Уладзімір, удзельнік «піраміды» з Менска.

У студзені 2012 года суд Валгаграда прызнаў дзейнасць адноўленай «МММ» законнай. Але гэта праблемы Расеі.

«Яны павінныя быць зарэгістраваныя ў любым выпадку. Калі фізічная асоба кансультуе па фінансавых пытаннях - значыць, павінная быць ліцэнзія аўдытара, якую выдае Міністэрства фінансаў. У прынцыпе, калі даецца кансультацыя па фінансавых пытаннях, то гэта павінен быць суб'ект гаспадарчай дзейнасці», - паведамляюць у Міністэрстве па падатках і зборах.

Карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся ў так званы менскі офіс «МММ». На дзвярох шыльда: «МММ-2011. Кансультацыйны цэнтр». Раніцай 24 студзеня нікога няма. У суседнім офісе, які займае салон прыгажосці, наогул не заўважалі, каб хтосьці заходзіў за кансультацыямі да «пірамідчыкаў».

«Не бачылі мы там нікога. Раней тут кампутары рамантавалі. А зараз... Маўродзі пакуль не прыязджаў», - кажа супрацоўніца салона прыгажосці.

У Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС з скаргамі на «піраміду» Маўродзі ніхто не звяртаўся.

«Ніякіх пытанняў па «пірамідах» не ўзнікала. Скаргаў не было. Даўно былі, калі «МММ» нешта тут рабіла. Цяпер мы з такім не сутыкаліся», - кажа чыноўніца. І супакойвае, што развіццё «піраміды»... трымаюць на кантролі.

Нічога не могуць сказаць аб дзейнасці «піраміды» і ў Камітэце дзяржаўнага кантролю.

«Цалкам усё кантраляваць немагчыма. Я наогул не ўпэўненая, што гэта ўваходзіць у нашую сферу. Калі там махлярства, то гэта ўжо іншая сфера. Калі чалавек стаў ахвярай, ён можа звярнуцца да нас, а там юрысты падкажуць», - адказвае супрацоўніца Дзяржкантролю.

Пакуль дзяржава «трымае развіццё» піраміды «на кантролі», прадстаўнік «МММ» кажа, што ў яе ўступаюць чыноўнікі і нават міліцыянты.

«У нас ёсць і чыноўнікі, і супрацоўнікі фіскальных органаў, і міліцыя нават», - распавядае Аляксей Саладун.

«Піраміда» Сяргея Маўродзі аднавілася ў 2011 годзе праз Інтэрнэт. Як пішуць на сайце праекта, там ужо 15 мільёнаў чалавек.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках