19 траўня 2024, Нядзеля, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайтовіч: Іншага выйсця, чым байкот, няма

9
Вайтовіч: Іншага выйсця, чым байкот, няма

Рада беларускай інтэлігенцыі выступіла з ініцыятывай байкоту выбараў у «нацыянальны сход», якія чакаюцца ўвосень.

Адзін з падпісантаў звароту - навуковец Аляксандр Вайтовіч - у інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў, што іншага выйсця няма.

- Чаму Рада інтэлігенцыі дае палітычныя парады, прапануе канкрэтны сцэнар?

- Можна па-рознаму глядзець на тое, што лічыць сваім абавязкам Рада інтэлігенцыі. Магчыма, яна трохі палітызаваная, але ж у нас такое палітычнае жыццё, што паміж уладай і апазіцыйнымі партыямі няма нармальнага ўзаемадзеяння, як гэта бывае ў іншых краінах. Таму і Рада бярэ на сябе такія паўнамоцтвы і абавязкі.

- На які сцэнар вы разлічваеце?

- Я пра канкрэтны сцэнар не думаў, але сапраўды іншага выйсця, чым байкот, няма. Шматгадовыя размовы аб тым, што ў нас Выбарчы кодэкс не адпавядае відавочным дэмакратычным патрабаванням, нічога не даюць.

- Як змяніліся справы ў Акадэміі навук пасля сыходу Міхаіла Мясніковіча?

- Той стыль кіравання, які ўсталяваў у Акадэміі Мясніковіч - дзеля чаго ён быў туды і пасаджаны - зрабіць у Акадэміі поўную вертыкаль, аналагічна таму, як гэта было зроблена па ўсёй краіне. Да яго ў Акадэміі яшчэ былі элементы самакіравання. А цяпер усе гэтыя элементы вынішчаныя. Прэзідыум не выбіраецца агульным сходам Акадэміі, як раней. Цяпер ён цалкам прызначаецца. Паколькі прэзідыум прызначаецца з падачы старшыні прэзідыума, то фактычна ўсе справы ў Акадэміі вырашае не прэзідыум, а старшыня.

Ён таксама ўвёў нешта незразумелае і ў сістэму атрымання заробку, якая цалкам адрозніваецца ад усяго, што існуе ў свеце. У аснове гэтай сістэмы ляжыць не кваліфікацыя і не вынікі супрацоўнікаў, а - каму больш грошай дадуць, той больш і атрымае. Зразумела, што пры Мясніковічы гэтыя сябры прэзідыума і блізкія да яго людзі атрымлівалі на свае тэмы больш грошай - вялікія заробкі супрацоўнікам давалі.

Акрамя таго ён увёў асаблівую сістэму інавацыйных распрацовак, якой таксама нідзе ў свеце няма. Яна, на мой погляд, няправільная і толькі абкрадае дзяржаву. Справа ў тым, што зараз інстытуты павінныя самі рабіць навукова-тэхнічныя распрацоўкі, і арганізоўваць выпуск прадукцыі. У свеце, калі распрацаваная нейкая сістэма, машына, прылада, то вылучаецца эканамічны суб'ект, які ў рынкавых умовах правярае, ці будзе гэтая распрацоўка рэнтабельнай. А калі гэта застаецца ў інстытуце, то ніколі не вызначыш, якая за гэтым стаіць эканамічная карысць, і ўвесь час уся гэтя справа будзе заставацца на дзяржаўнай датацыі. Так яно цяпер і ёсць у Акадэміі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках