Гэта катаванні
10- 14.03.2012, 11:47

Украінскі эксперт Андрэй Раханскі зрабіў заключэнне аб стане здароўя беларускага палітвязня Зміцера Бандарэнкі.
Зміцер Бандарэнка - давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі ВК-15.
Экспертыза праведзеная на падставе медыцынскіх дакументаў, выдадзеных Бандарэнку, у тым ліку, на падставе эпікрызу аперацыі на хрыбетніку, паведамляе сайт protivpytok.org.
Зміцеру Бандарэнку прадпісана: рэабілітацыя пад наглядам неўролага, выключыць нахілы, сядзенне, «скручванне» хрыбетніка, цалкам выключыць падняцце цяжкасцяў больш за 4 кг., лекавальная гімнастыка, масаж ног і іншыя працэдуры. Натуральна, у калоніі такія ўмовы яму не прадастаўляюцца.
Па сцвярджэнні Андрэя Раханскага, ва Украіне пацыентам з такім станам здароўя прызначаецца другая група інваліднасці.
«Сукупнасць прыведзеных медыцынскіх дадзеных сведчыць аб неабходнасці правядзення для Бандарэнкі З.Я. медыка-сацыяльнай экспертызы з усталяваннем ступені страты працаздольнасці...
Непадаванне Бандарэнку З.Я. спецыяльных медыцынскіх рэабілітацыйных сродкаў медтэхнікі (артапедычны абутак, кій) можа быць расцэненае як катаванні і жорсткае абыходжанне», - гаворыцца ў заключэнні экспертызы.
Андрэй Раханскі - юрыст, лекар, кандыдат медыцынскіх навук, каардынатар грамадскай арганізацыі «Інстытут прававых даследаванняў і стратэгій», Украіна.
Запыт аб экспертызе зроблены беларускай ініцыятывай «Праваабаронцы супраць катаванняў».

