Узрост выхаду на пенсію для мужчын і жанчын зраўняюць?
52- 14.03.2012, 13:33
Пытанне выраўноўвання ўзросту выхаду на пенсію ў Беларусі, магчыма, будзе паднятае.
Намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валянціна Каралёва ў межах сённяшняй онлайн-канферэнцыі, распавяла, што пакуль у нашай краіне не прынята ніякіх афіцыйных рашэнняў з нагоды павышэння пенсійнага ўзросту, піша onliner.by.
Аднак, на ейную думку, пытанне выраўноўвання ўзросту выхаду на пенсію, магчыма, будзе паднятае.
«Адносна павышэння пенсійнага ўзросту ні для жанчын, ні для мужчын рашэнне ў краіне не прынятае. Што тычыцца маёй асабістай пазіцыі, магу сказаць, што я не адмаўляю падыходы па раўнаванні ўзросту выхаду на пенсію для абодвух полаў», - заявіла намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны.
Па словах Каралёвай, узрост, які дае права на звяртанне па пенсiю, аднолькавы або розны для мужчын і для жанчын, абумоўлены ў кожнай краіне гістарычнымі і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі і традыцыямі. «Тэндэнцыі жа такія, што многія краіны павышаюць пенсійны ўзрост, як толькі для жанчын, у якіх ён першапачаткова ніжэйшы, так і для абодвух полаў», - лічыць яна.
Адна з чытачак пацікавілася ў прадстаўніцы Мінпрацы: «На думку экс-міністра фінансаў РФ Аляксея Кудрына, доўгае захаванне нязменнага пенсійнага ўзросту вядзе краіну ў «пастку старасці», калі дамінуюць у структуры насельніцтва пенсіянеры - катэгорыя, інтарэсы якой звязаныя са спажываннем, а не з развіццём. Ці не рухаецца Беларусь у такую ж «пастку старасці»?»
«Усталяваны нацыянальным заканадаўствам пенсійны ўзрост у міжнароднай практыцы не з'яўляецца крытэрам для аднясення насельніцтва краіны да старога. Для гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца іншыя паказчыкі. Згодна з методыкай ААН, такім крытэрам з'яўляецца доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй (менавіта з ім звязваецца страта працаздольнасці з прычыны старасці)», - адказала Каралёва.