Заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху» выклікалі ў Менгарвыканкам
1- 19.04.2012, 11:21
Заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху - 2012» запрасілі ў Менгарвыканкам для ўдакладнення тэхнічных момантаў правядзення акцыі.
Сустрэча арганізатараў у сталічнай адміністрацыі прызначаная на 10 гадзін 20 красавіка, паведаміў БелаПАН адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі.
Тым часам афіцыйнага дакумента аб дазволе на правядзенне акцыі пакуль не атрымана. Аднак, па словах Садоўскага, «зыходзячы з фармулёўкі запрашэння, акцыя будзе дазволеная». «Хутчэй за ўсё, нам там уручаць дазвол, і мы ўзгоднім з гарадскімі ўладамі нашыя дзеянні», - сказаў ён.
Пасля перамоваў у Менгарвыканкаме арганізатары «Чарнобыльскага шляху» маюць намер правесці прэс-канферэнцыю.
Заяўка на правядзенне акцыі 26 красавіка была пададзеняа 10 красавіка. Арганізатары просяць дазволіць шэсце з 18.30 да 19.30 ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе яны маюць намер правесці гадзінны жалобны мітынг. Скончыць мерапрыемства плануецца ускладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам.