Палітвязню Паўлу Сырамалотаву - 21 год
19- 30.04.2012, 17:35
Палітвязень Павел Сырамалотаў сустракае сваё 21-годдзе за кратамі, у Магілёўскай калоніі № 19.
І як раз сёння маці іншага палітвязня, Ігара Аліневіча - Валянціна атрымала ліст ад Паўла Cырамалотава:
«Павел піша, што вельмі любіць музыку, раней граў у рок-гурце. Але ў калоніі да клуба яго нават і блізка не падпускаюць. І з іроніяй адзначае, што, мабыць, з-за ягонай нядобранадзейнасці. Павел працуе ў пашывачным цэху. У калоніі займаецца спортам, французскай мовай, шмат чытае. Па настроі, змесце ліста мне падаецца, што, нягледзячы на маладосць, Павел - асоба даволі моцная, ён не ные, трымаецца годна», - распавяла жанчына «Радыё Свабода».
Павел Сырамалотаў нарадзіўся 30 красавіка 1991 года ў Бабруйску. 18 мая 2011 года разам з Яўгенам Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам прысуджаны судом Бабруйска да 7 гадоў пазбаўлення волі за спробу падпалу Бабруйскага КДБ (ч.2 артыкула 339 - злоснае хуліганства, ч.3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу - пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры). Адбывае пакаранне ў калоніі № 19 у Магілёве.