Мясніковіч - банкам: Прадстаўніцкія выдаткі - благі тон
15- 11.05.2012, 12:52
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч раскрытыкаваў кіраўнікоў камерцыйных банкаў за залішнія выдаткі на прадстаўніцкія мэты і бонусы.
Аб гэтым ён заявіў сёння на паседжанні Саўміна, перадае БелТА.
«Я мяркую, што заслугоўваюць асуджэння паводзіны асобных кіраўнікоў камерцыйных банкаў, якія дапускаюць мільярдныя выдаткі на прадстаўніцкія мэты і бонусы. У свеце такая практыка расцэньваецца як благі тон і забараняецца дзяржавай, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Я звяртаюся да прадстаўнікоў банкаўскай сферы: гэта не вашыя грошы, гэта сродкі, заробленыя сялянамі і рабочымі, якія яны вам даверылі».
Прэм'ер-міністр папярэдзіў банкіраў і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў у саветах банкаў аб недапушчальнасці такіх дзеянняў. «Калі будзеце злоўжываць прадстаўленымі вам правамі, урад будзе ўносіць ініцыятывы па ўзмацненні адпаведных нормаў, у першую чаргу, будзем рабіць высновы па кіраўніках», - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Кіраўнік урада таксама звярнуў увагу на важнасць працы па павышэнні пазіцый Беларусі ў міжнародных рэйтынгах. Пэўных вынікаў краіна ўжо дамаглася: за апошнія два гады, паводле адзнак Сусветнага банка, па індэксе ведаў Беларусь паднялася з 52-га на 45-е месца са 146 краін. Некалькі палепшыліся і іншыя паказчыкі, у тым ліку па абароне інвестараў, рэгістрацыі дзяржмаёмасці. «Мы ўсе павінныя разумець, што рэйтынгі - гэта не даніна модзе, а адзнака стану эканомікі, нашай з вамі дзейнасці, менавіта на гэтай базе партнёры прымаюць рашэнне аб гандлі з намі, інвестыцыях, сумесных праектах», - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.